Метадычны семінар для педагогаў-рэлігіязнаўцаў адбыўся ў Бабруйску
29 сакавіка 201728 сакавіка 2017 года ў духоўна-асветніцкім цэнтры ў гонар прападобнамучаніцы вялікай княгіні Марыі (Бабруйск) прайшоў метадычны семінар для педагогаў-рэлігіязнаўцаў сярэдніх і царкоўна-прыходскіх школ на тэму «Узаемадзеянне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і прыходскіх нядзельных школ у духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі: вопыт і перспектывы развіцця».
Мерапрыемства было арганізавана аддзелам рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Бабруйскай епархіі пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Асноўнай задачай семінара з'яўлялася аказанне садзейнічання ў павышэнні прафесійных кампетэнцый педагогаў курсу «Асновы праваслаўнай культуры» і выкладчыкаў нядзельных школ.
На сустрэчы кіраўнік епархіяльнага аддзела адукацыі і катэхізацыі іераманах Андрэй (Васілюк) і спецыяліст аддзела Алена Баскакава прадставілі педагогам раздзел сайта Бабруйскай епархіі «Образование», матэрыялы якога настаўнікі могуць актыўна выкарыстоўваць у сваёй прафесійнай дзейнасці.
У ходзе практычнай часткі семінара, на круглым стале «Пазаўрочная дзейнасць вучняў — важны складнік духоўна-маральнага выхавання», была прадстаўлена прэзентацыя вопыту работы метадыста духоўна-асветніцкага цэнтра прыхода Георгіеўскага храма горада Бабруйска Людмілы Крывашэевай, лаўрэата конкурсу «За маральны подзвіг настаўніка» 2016 года. Вопытам арганізацыі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў прыходскай нядзельнай школе падзялілася Людміла Навумчык, выкладчык нядзельнай школы Лізавецінскага храма Бабруйска. Як арганізаваць працу па праваслаўнаму краязнаўству, даследчай і праектнай дзейнасці ў школе, распавёў Уладзімір Новік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Гімназія № 3 горада Бабруйска».
У канцы семінара прайшла прэзентацыя кнігі «Парасткі вечнасці на папялішчы» Станіслава Лукашэвіча, настаўніка гісторыі ДУА «Вязьеўская сярэдняя школа» Асіповіцкага раёна, і артыкула «Протаіерэй Сцяфан Кучынскі: жыццё, аддадзенае людзям» Неанілы Цыганок, настаўніцы гісторыі «Сярэдняя школа № 2 горада Асіповічы».
Аўтары атрымалі ўзнагароды за вялікі ўклад у вывучэнне і асвятленне гісторыі Бабруйскай епархіі.