Метадычная рада праваслаўных скаўтаў адбылася ў Лідзе
14 чэрвеня 2018У прыходскім доме храма Хрыста Спасіцеля горада Ліды адбылася метадычная рада праваслаўных скаўтаў.
У метадычнай радзе прынялі ўдзел прадстаўнікі парафіяльнага скаўцкага руху з Мінскай, Гродзенскай і Лідскай епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Кіраўнік клуба праваслаўных скаўтаў «Няміга» пры саборы святых Пятра і Паўла горада Мінска протаіерэй Аляксандр Ледаховіч распавёў аб сваім бачанні асноў скаўтынгу як аднаго з агульнапрызнаных метадаў работы з дзецьмі і падлеткамі. Святар адзначыў:
— Скаўцкі метад сапраўды з'яўляецца дасягненнем сусветнай педагагічнай практыкі, і праваслаўныя абшчыны ва ўсім свеце ўжо даўно ўжываюць яго для арганізацыі работы з падрастаючым пакаленнем. Гэты метад удала спалучае тэорыю і практыку, рэлігію, любоў да Радзімы і цікавасць да прыроды, вучыць як навыкам гарманічнага існавання ў грамадстве, так і вопыту выжывання ў палявых умовах.
Паколькі на радзе прысутнічалі і тыя, хто толькі знаёміцца са скаўтынгам, старшыня метадычнага савета Надзея Бунта пазнаёміла прысутных з гісторыяй руху і зрабіла агляд асноўных яго законаў, структуры, сімволікі.
Жывую дыскусію ў ходзе сустрэчы выклікалі праблемы арганізацыі практычных заняткаў, пытанні фінансавання, узаемадзеяння з кіраўніцтвам парафій і месца скаўтаў у парафіяльным жыцці.
У завяршэнне сустрэчы ўсе ўдзельнікі метадычнай рады падзяліліся сваімі планамі работы на лета, абмеркавалі сумесныя мерапрыемствы і падзякавалі настаяцелю прыхода протаіерэю Вадзіму Рубану за аказаны цёплы прыём.