Паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам унутраных спраў падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы прафілактыкі наркаманіі
21 мая 2021Пытанні супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у сферы прафілактыкі наркаманіі і ўключэння ў незаконны абарот наркотыкаў моладзі абмяркоўваліся 21 мая 2021 года на сустрэчы мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, з міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым.
Падчас сустрэчы, якая адбылася ў музеі МУС, паміж Міністэрствам унутраных спраў і Беларускай Праваслаўнай Царквой было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы прафілактыкі наркаманіі.
«Як толькі ўзнікла гэтая праблема, яна адразу ж стала прадметам занепакоенасці святароў» — канстатаваў Патрыяршы Экзарх. Ён падкрэсліў, што цяпер задача складаецца ў тым, каб існуючы вопыт разгледзець, абагульніць, абраць лепшае і ў адпаведнасці з гэтым працягваць працу па прафілактыцы залежнасцяў, прычым каб яна была сістэмная і планавая.
У сваю чаргу міністр унутраных спраў адзначыў: «Пагадненнем, падпісаным сёння, прадугледжана, што мы будзем сумесна працаваць па ўсіх напрамках на прафілактыку наркапагрозы ў беларускім грамадстве, дапамагаць усім людзям. Дарослыя і дзеці павінны разумець, што наркотыкі — гэта бяда і гора, і ні да чаго добрага не прыводзяць. І сённяшняя падзея — яшчэ адзін крок для дасягнення гэтага. Упэўнены, што намаганні, якія намі робяцца, выратуюць не адно жыццё і лёсы маладых людзей».
Мітрапаліт Веніямін таксама звярнуў увагу на тое, што гэтая праца павінна праводзіцца з прыцягненнем Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі, грамадскіх аб'яднанняў: важна «дапамагаць людзям знаходзіць сябе і пераадольваць бяду, калі хтосьці падвергнуўся гэтым схільнасцям — і не толькі наркатычнай, але і алкагольнай і іншым формам залежнасці», — падкрэсліў Патрыяршы Экзарх.