Міжнародныя XXVII Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні на тэму: «Духоўнае значэнне служэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў кантэксце гісторыі» адкрыюцца ў Мінску 18-19 мая

15 мая 2021

top.jpg

18-19 мая 2021 года па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у Мінску адбудуцца Міжнародныя XXVII Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні на тэму: «Духоўнае значэнне служэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў кантэксце гісторыі», прымеркаваныя да 800-годдзя з дня нараджэння святога Аляксандра Неўскага.

Арганізуюць чытанні Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя свв. Мяфодзія і Кірыла» сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Інстытутам тэалогіі БДУ і зацікаўленымі ўстановамі адукацыі.

На працягу больш дваццаці пяці гадоў чытанні аб'ядноўваюць спецыялістаў і навукоўцаў з краін блізкага і далёкага замежжа, якія працуюць у галіне тэалогіі, гісторыі, філасофіі, культуралогіі і рэлігіязнаўства. Канферэнцыя — унікальная пляцоўка для абмеркавання навуковых пошукаў у сферы гуманітарных ведаў, праблем міжкультурнага і міжканфесійнага дыялогу, хрысціянскай духоўнасці і яе значэння для сучаснага свету. Чытанні праходзяць пры падтрымцы Мінгарвыканкама, Беларускага Экзархату, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і ўключаны ў праграму супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2020-2025 гады.

Адкрыццё канферэнцыі адбудзецца 18 мая 2021 года ў 15.00 у круглай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па адрасе: горад Мінск, праспект Незалежнасці, 116. У цырымоніі адкрыцця і пленарным пасяджэнні прымуць удзел кіраўнікі хрысціянскіх канфесій Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, міністэрстваў і ведамстваў, навуковых устаноў Рэспублікі Беларусь, рэктары ВНУ, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. У другі дзень канферэнцыя будзе працаваць па наступных тэматычных кірунках:

  • асоба ў кантэксце эпохі: гістарычная памяць і духоўная культура;
  • хрысціянскія каштоўнасці ў сістэме адукацыі: да 100-ю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;
  • багаслоўская спадчына мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева);
  • духоўна-маральныя асновы беларускай культуры: спадчына свв. Мяфодзія і Кірыла ў сучасным свеце;
  • сучасныя сацыяльна-эканамічныя праблемы ў святле хрысціянскага вучэння;
  • Біблія ў гісторыі і культуры;
  • навука і багаслоўе: ад канфрантацыі да дыялогу;
  • медыцына і духоўнасць: пытанні сучаснай біяэтыкі;
  • сучаснае багаслоўе: шляхі развіцця;
  • міжканфесійны дыялог у прасторы навукі і культуры;
  • традыцыйныя рэлігійныя каштоўнасці і сучасная культура;
  • актуальныя пытанні гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы;
  • актуальныя праблемы рэлігіязнаўства ў XXI стагоддзі;
  • беларускае мастацтва сёння: традыцыі і сучаснасць.

Завершыцца канферэнцыя выніковым круглым сталом.

Акрэдытацыя журналістаў праходзіць па тэлефонах: +375 17 241 77 12, +375 29 321 63 19 або па электроннай почте: christeducenter@gmail.com.

 

Church.by