Міжепархіяльны фестываль-конкурс праваслаўных спеваў «Слава ў вышынях Богу» прайшоў у Лідзе
01 сакавіка 202127 лютага 2021 года ў вялікай зале Палаца культуры горада Ліды адбыўся гала-канцэрт штогадовага міжепархіяльнага фестывалю-конкурсу праваслаўных спеваў «Слава ў вышынях Богу».
У фестывалі-конкурсе прынялі ўдзел царкоўныя і свецкія харавыя калектывы з дзевяці раёнаў Гродзеншчыны.
У рамках адборачных тураў сёлета ўдзельнікі дасылалі відэаматэрыялы для праслухоўвання. Па традыцыі, для ўдзелу ў заключным канцэрце былі адабраныя лепшыя з іх.
У праграму фестывалю ўвайшлі як царкоўныя спевы свята Ражджаства Хрыстовага, так і калядныя духоўныя канты. Таксама ў выкананні дзіцячага харавога калектыву сярэдняй школы №4 горада Ліды і квінтэта прыхода храма Жыровіцкай іконы Божай Маці горада Бярозаўкі для гледачоў прагучалі музычныя творы пра любоў да роднай зямлі.
Гала-канцэрт, перад пачаткам якога была праведзена сумесная малітва, адкрыўся выступленнем дзіцячага хора «Праменьчык» прыхода храма Праабражэння Гасподняга горада Смаргоні.
У завяршэнне канцэртнай праграмы на сцэну вялікай залы Палаца культуры былі запрошаны Яго Праасвяшчэнства епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, старшыня Лідскага раённага савета дэпутатаў Інэса Генадзеўна Белуш і намеснік старшыні журы настаяцель прыхода храма святога прарока Іліі вёскі Сурынка Навагрудскай епархіі протаіерэй Генадзь Логін.
Епіскап Парфірый звярнуўся да прысутных з архіпастырскім словам, у якім падзякаваў усім удзельнікам фестывалю-конкурсу і тым, хто прыйшоў у Палац культуры горада Ліды, каб дакрануцца да прыгожага «Спевы — гэта багаслоўе ў музыцы, і ўсе тыя, хто сёння прыйшоў на канцэрт, панясуць з сабой яго часцінку. Думаю, ніводнае чалавечае сэрца не засталося раўнадушным пасля праслухоўвання гэтага канцэрта».
Сёлетні фестываль «Слава ў вышынях Богу» — шаснаццаты па ліку.
Заснавальнікі фестывалю — Навагрудская і Лідская епархіі, а таксама Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і Лідскі раённы выканаўчы камітэт. Сустаршыні журы — архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый і епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый.