Міністр працы Рэспублікі Беларусь прыняла ўдзел у суботніку на тэрыторыі сталічнага храма іконы Божай Маці «Усецарыца»

20 красавіка 2019

2.JPG

20 красавіка на тэрыторыі будуемага храма іконы Божай Маці «Усецарыца» па вуліцы Чыгуначнай у Мінску адбыўся рэспубліканскі суботнік.

У добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол будучага каменнага храма, а таксама храма ў гонар святога праведнага страстацерпца Яўгенія Боткіна прынялі ўдзел каля 20 супрацоўнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на чале з міністрам працы Ірынай Анатольеўнай Касцевіч і прадстаўнікі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў на чале са старшынёй Іванам Аркадзьевічам Гардзейчыкам.

Настаяцель храма, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Кірыл Шолкаў расказаў пра гісторыю парафіі і этапы будаўніцтва. Затым удзельнікам суботніка быў вызначаны фронт работ: кладка цэглы, пасадка дрэў і кветак, майстраванне элементаў безбар'ернага асяроддзя.

— Мая малая радзіма — Мінск, таму суботнік я праводжу тут. А чаму менавіта храм? У нас даўнія партнёрскія адносіны з Беларускай Праваслаўнай Царквой. На сістэмнай аснове працуем з ёю з 2004 года. Бо наша зона адказнасці — пажылыя людзі. У дамах-інтэрнатах ёсць куткі і малельныя пакоі, капліцы, дзе людзі могуць знайсці духоўную падтрымку. Вялікую дапамогу Царква аказвае па догляду за пажылымі. Гэты храм будуецца не першы год, і мы тут таксама не ўпершыню. Вось і сёння, можна сказаць, працягваем акцыю «Давайце храм пабудуем разам». Сюды потым будуць прыходзіць мамы з дзецьмі, за якіх мы таксама адказваем, пажылыя людзі. Будзе выбудавана безбар'ернае асяроддзе — цытуе Ірыну Касцевіч БелТА.

Міністр запрасіла ўсіх неабыякавых мінчан далучыцца да будаўніцтва храма і па меры сіл дапамагаць прыходу.

Church.by

Фотарэпартаж