Мінскае духоўнае вучылішча прадставіць у сталічным Палацы мастацтва юбілейную праграму
03 красавіка 201913 красавіка ў 12:00 ў Палацы мастацтва ў Мінску ў рамках фестывалю «Велікодная радасць» з юбілейнай праграмай выступіць Мінскае духоўнае вучылішча.
Вучылішча было адкрыта па хадайніцтве мітрапаліта Мінскага і Беларускага Філарэта 30 кастрычніка 1988 года. 10 студзеня 1989 года пачало працу ў якасці аднагадовых курсаў псаломшчыкаў. У 1995 годзе пераўтворана ў двухгадовую навучальную ўстанову, у 1998 годзе — у трохгадовую. У 2014 годзе да Мінскага духоўнага вучылішча ўказам мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла былі далучаны Школа званароў і Школа катэхізатараў Мінскай епархіі. У цяперашні час яны працягваюць сваю дзейнасць у якасці аддзяленняў вучылішча.
Мінскае духоўнае вучылішча створана ў мэтах падрыхтоўкі царкоўнаслужыцеляў і царкоўных работнікаў для служэння на прыходах, у епархіяльных установах і іншых арганізацыях Беларускай Праваслаўнай Царквы.
За перыяд работы вучылішча было падрыхтавана больш за 400 спецыялістаў у галіне царкоўнай дзейнасці.
З праграмай «30 гадоў служэння: Вера. Духоўнасць. Веды» выступяць хор, выкладчыкі, навучэнцы і выпускнікі Мінскага духоўнага вучылішча. Уваход бясплатны.
Месца правядзення: Мінск, вул. Казлова, 3.