Мітрапалічы хор Свята-Духава кафедральнага сабора стаў уладальнікам Гран-пры II Міжнароднага Каляднага вакальна-харавога конкурсу [відэа]

26 студзеня 2021

top.jpg

Мітрапалічы хор Свята-Духава кафедральнага сабора ў горадзе Мінску пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага стаў уладальнікам Гран-пры II Міжнароднага Каляднага вакальна-харавога конкурсу. Ён праходзіў у рамках XI Міжнароднага харавога фестывалю-конкурсу духоўнай музыкі «Хрустальная капліца» з 25 снежня па 13 студзеня.

На першым этапе конкурсу Мітрапалічы хор прадставіў на суд журы тры творы: калядку «Христос Спаситель в полночь родился» (музыка ігумена Феафана (Заборава), беларускую народную калядку «Неба і зямля» (у аранжыроўцы Алены Юнэк) і калядку «Шчодры вечар» (у апрацоўцы і аранжыроўцы Віталя Сабалеўскага). Усе яны атрымалі высокую ацэнку і былі адзначаны дыпломам лаўрэата конкурсу I ступені.

Гран-пры ў фінале конкурсу Мітрапалічы хор Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага атрымаў за выкананне калядкі «Христос Спаситель в полночь родился» (музыка ігумена Феафана (Заборава). Саліст — Уладзіслаў Вітушка.

Фестывальны праект «Хрустальная капліца» займае годнае месца сярод мноства харавых фестываляў Расіі і ўваходзіць у праграму святкавання Дзён славянскай пісьменнасці і культуры ў Маскве. Выступленні калектываў праходзяць на ўнікальных канцэртных пляцоўках і ў «Хрустальнай капліцы», размешчанай ва ўнутраным дворыку Музея сучаснага мастацтва на Гогалеўскім бульвары. Па прычыне эпідэміялагічнай сітуацыі ў гэтым годзе мерапрыемства праходзіла ў дыстанцыйным фармаце. Журы конкурсу ўзначаліў заслужаны дзеяч мастацтваў РФ Станіслаў Калінін.

 

 Church.by