Мітрапаліт Філарэт узнагароджаны медалём «Свяшчэннамучаніка прасвітара Уладзіміра Хіраскі» I ступені
04 чэрвеня 2018Рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 29 верасня 2017 года заснавана ўзнагарода Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў дзвюх ступенях: медаль «Свяшчэннамучаніка прасвітара Уладзіміра Хіраскі» I ступені і медаль «Свяшчэннамучаніка прасвітара Уладзіміра Хіраскі» II ступені.
Медалём ганаруюцца за:
– шматгадовую працу і заслугі ў пастырскім служэнні, багаслоўскай, навуковай, адміністратыўнай і культурна-асветніцкай дзейнасці;
– адраджэнне духоўнага жыцця, катэхізатарскую і місіянерскую дзейнасць;
– шматгадовую працу на ніве рэлігійнай адукацыі ў нядзельных школах;
– умацаванне ўзаемадзеяння свецкай і царкоўнай сістэм адукацыі ў сферы духоўна-маральнага выхавання і асветы;
– шматгадовую высокую якасць духоўна-маральнага выхавання і навучання дзяцей і моладзі;
– укараненне інавацыйных распрацовак у сферу адукацыі, якія садзейнічаюць духоўна-маральнаму развіццю дзяцей і моладзі;
– дабрачыннасць у справе рэлігійнай адукацыі;
– развіццё, умацаванне, папаўненне і папулярызацыю рэлігійнай, гістарычнай і культурна-асветніцкай дзейнасці публічных бібліятэк і бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь;
– іншую працу на славу Божую ў сферы духоўнай адукацыі і катэхізацыі.
Першым чалавекам, які атрымаў гэтую высокую ўзнагароду, стаў мітрапаліт Філарэт, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
У свята Усіх святых, 3 чэрвеня, па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін урачыста ўручыў медаль «Свяшчэннамучаніка прасвітара Уладзіміра Хіраскі» I ступені Высокапраасвяшчэннейшаму мітрапаліту Філарэту.
На ўручэнні прысутнічалі: іерэй Макарый Кавалёў, ключнік дамавога храма ў гонар Сабора Беларускіх святых Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, настаяцель рэлігійнай абшчыны «Прыход храма Уваскрасення Славушчага ў горадзе Мінску»; іерэй Аляксій Хацееў, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, настаяцель прыхода храма праведнага Іаана Кранштацкага ў горадзе Мінску; іерэй Дзімітрый Ворса, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, настаяцель прыхода храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску; Мікалай Іванавіч Ліс, кіраўнік Метадычнага кабінета Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі.
Заслугі мітрапаліта Філарэта велізарныя. Уладыка ўнёс вялікі асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне і асвету беларускага грамадства, выхаванне ў людзях міласэрнасці і хрысціянскіх каштоўнасцяў, развіццё адносін паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і дзяржавай у сферы адукацыі.