Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел: Фільм «Мацільда» падзяліў наша грамадства і пасеяў смуту ў сэрцах многіх людзей

18 верасня 2017

top.jpg

Пра тое, як простым вернікам людзям ставіцца да фільма «Мацільда», у інтэрв'ю для Church.by растлумачыў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

«На сёння афіцыйнай пазіцыі Рускай Праваслаўнай Царквы па гэтым фільме няма, але меркаванне вельмі многіх людзей мы можам чуць. Гэты фільм яшчэ не выйшаў у пракат, а пра яго ўжо ідуць дыскусіі. Я спецыяльна прагледзеў некалькі відэаролікаў, якія сёння даступныя ў інтэрнэце, і ў мяне склалася вельмі непрыемнае ўражанне аб фільме», — адзначыў архіпастыр.

«Мне думаецца, што любы мастацкі твор мае нейкую мэту і нясе пэўную сэнсавую нагрузку. Для чаго чалавек піша кнігу або здымае фільм? Магчыма для таго, каб развесяліць людзей, тады піша камедыю, а можа быць, распавесці гісторыю, тады піша аповесць аб нейкім чалавеку, жыццё, подзвіг і працы якога паслужаць добрым настаўленнем або перасцярогай ад благіх учынкаў іншым людзям. Мне не зразумелая задума фільма «Мацільда». Навошта і для чаго ён ствараўся? А вынік яго стварэння для ўсіх відавочны. Ён падзяліў наша грамадства, пасеяў смуту ў сэрцах многіх людзей, выклікаў буру абурэння ў тых, для каго імператар Мікалай Другі — страстацерпец і пакутнік», — сказаў мітрапаліт Павел.

«Імператар Мікалай Другі — святы, і памяць аб ім святая для ўсіх праваслаўных хрысціян. Калі здымаць пра яго фільм, то, паводле маяго глыбокага пераканання, ён павінен быць павучальным, высакародным, натхняльным на ратны подзвіг і стваральнаю працу на карысць народа», — падкрэсліў уладыка.

Па словах мітрапаліта Паўла, асаблівую горыч і абурэнне выклікае тое, што паказ фільма плануюць ажыццявіць увосень 2017 года — у гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. «Хочацца звярнуцца і спытаць у тых, хто ствараў гэты фільм — чым жа мы лепш французскага часопіса «Шарлі Эбдо», які здзекуецца над тым, што дорага людзям, над тымі пачуццямі, якія перажываюць людзі, якія страцілі блізкіх у складаных абставінах? Ды нічым! У нас адбываецца куды больш сумная падзея — мы здзекуемся над сваёй гісторыяй. І гэта страшна!» — сказаў архіпастыр.

Мітрапаліт Павел нагадаў, што Царква не можа забараніць паказ фільма «Мацільда» і ў яе няма такой улады. Але, паводле пераканання ўладыкі, кожны чалавек, якому дарагая памяць святога імператара-страстацерпца Мікалая Другога, «можа галасаваць нагамі». «Ніякай агрэсіі з боку вернікаў не павінна быць. Проста не хадзіце на гэты фільм», — заклікаў вернікаў Патрыяршы Экзарх.     

 Church.by