Мітрапаліт Павел асвяціў храм у гонар Нараджэння Іаана Прадцечы ў аграгарадку Буйнічы

22 снежня 2019

top.jpg

22 снежня 2019 года, у Нядзелю 27-ю пасля Пяцідзесятніцы, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў чын вялікага асвячэння храма ў гонар Нараджэння пачэснага слаўнага Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана ў аграгарадку Буйнічы Магілёўскага раёна, а затым узначаліў у гэтым храме Бажэственную літургію.

Патрыяршаму Экзарху саслужылі: архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній; архіепіскап Мёдонскі Міхаіл (Данскоў), які знахлдзіцца на спачынку, і епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім.

На богаслужэнні прысутнічалі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Анатольевіч Малашка, начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Іванавіч Савенка і іншыя ганаровыя госці.

На малым уваходзе мітрапаліт Павел, у сувязі з заканчэннем будаўніцтва храма, абвясціў указ аб узнагароджанні протаіерэя Мікалая Астапчука і ўсклаў на яго наперсны крыж з упрыгожваннямі.

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў іерэй Алексій Шмялёў.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай.

Пасля адпуста Бажэственнай літургіі былі ўручаны ўзнагароды Магілёўскай епархіі будаўнікам і дабрачынцам парафіі.

Уладыка Экзарх уручыў настаяцелю напрастольнае Евангелле, перададзенае Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам для новаасвячоных храмаў Беларускага Экзархату.

Мітрапаліт Павел павіншаваў усіх прысутных з асвячэннем храма, а затым звярнуўся са словам настаўлення. На малітоўную памяць усім, хто наведаў святочнае набажэнства, уладыка Павел уручыў абразкі святога слаўнага Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана.

Пасля богаслужэння ў храме мітрапаліт Павел і ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці прайшлі да мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле», дзе ў капліцы ўсклалі кветкі. Была абвешчана «Вечная памяць» абаронцам Магілёва і ўсім загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны.

Church.by

Фотарэпартаж