Мітрапаліт Павел узначаліў цырымонію адкрыцця выставы «Блажэнная Валянціна, духоўная заступніца зямлі Мінскай»

20 чэрвеня 2018

top.jpg

19 чэрвеня 2018 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў цырымонію адкрыцця выставы «Блажэнная Валянціна, духоўная заступніца зямлі Мінскай», прысвечанай Году малой радзімы ў Беларусі.

Выстава праходзіць у галерэі «Універсітэт культуры» Палаца Рэспублікі. На ёй прадстаўлены работы ўдзельнікаў міжнароднага пленэру «Святасць зямлі Беларускай». Ініцыятарам пленэру выступіў прыход храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у гарадскім пасёлку Івянец (Маладзечанская епархія). Духаўнік пленэру — настаяцель Еўфрасіннеўскага прыхода протаіерэй Віктар Перагудаў, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Куратар пленэру — Глеб Анатольевіч Отчык, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў. Арганізатары праекта: Маладзечанская епархія, Беларускі саюз мастакоў, Мінская абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын, Брацтва ў гонар Віленскіх мучаникаў.

Удзел у праекце прынялі майстры пэндзля з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы. Падчас пленэру прайшлі дабрачынныя акцыі, сустрэчы мастакоў з выхаванцамі івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў. Частка сродкаў, выручаных ад продажу работ, пойдуць на дапамогу дзецям з цяжкай інваліднасцю ў рамках праекта «Мастакі — дзецям Лета».

На ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічалі: епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Іванавіч Сірэнка, прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных органаў дзяржаўнага кіравання, дзеячы мастацтва, кіраўнікі і супрацоўнікі Сінадальных аддзелаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, моладзь, журналісты.

Мітрапаліт Павел звярнуўся да прысутных з прывітальным словам, у якім падкрэсліў, што не выпадкова пленэр, што адбыўся, быў названы «Святасць зямлі Беларускай» — бо з часоў Хрышчэння Русі святасць была ідэалам жыцця нашых пабожных продкаў. Яркім прыкладам святасці з'яўляецца жыццё блажэннай Валянціны Мінскай. Святая Валянціна, будучы прыкаванай да ложа невылечнай хваробы, не толькі несла крыж сваёй немачы без наракання і роспачы, але і дапамагала блізкім, узносячы за іх малітвы Госпаду, суцяшаючы і падбадзёрваючы добрым словам. Гасподзь спадобіў матушку Валянціну дару празорлівасці і цудатварэння, а людзі захавалі ў сваіх сэрцах памяць пра яе подзвіг і шануюць яе як вялікую падзвіжніцу, духоўную заступніцу зямлі Мінскай.

Уладыка Экзарх выказаў надзею на хуткае здабыццё мошчаў блажэннай Валянціны Мінскай і нагадаў аб важнасці захавання традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў. Калі мы будзем выконваць Евангельскія запаведзі, то благаславенне Божае заўсёды будзе знаходзіцца з нашым народам на нашай зямлі, — падкрэсліў мітрапаліт Павел.

Патрыяршы Экзарх выказаў глыбокую падзяку епіскапу Маладзечанскаму і Стаўбцоўскаму Паўлу, усім арганізатарам і ўдзельнікам пленэру «Святасць зямлі Беларускай», і заклікаў благаславенне Божае на тых, хто сабраўся.

Далей з прывітальнымі словамі выступілі: член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алена Мікалаеўна Анісім, намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Лілія Станіславаўна Ананіч, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сямёнавіч Сітніца, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеб Анатольевіч Отчык.

Быў паказаны дакументальны фільм пра блажэнную Валянціну Мінскую. Хор Брацтва Віленскіх мучанікаў выканаў духоўныя спевы і народныя песні.

Мітрапаліту Паўлу быў паднесены памятны дарунак — карціна Кацярыны Ермаковай «Бэз».

У завяршэнне было абвешчана мнагалецце ўсяму таленавітаму беларускаму народу. 

Church.by

Фотарэпартаж