Мітрапаліт Павел узначаліў аб'яднаныя ўрачыстасці з нагоды актавага дня Мінскай духоўнай акадэміі і актавага дня Мінскага духоўнага вучылішча

17 лістапада 2019

top.jpg

17 лістапада 2019 года, у Нядзелю 22-ю пасля Пяцідзесятніцы, адбыліся аб'яднаныя ўрачыстасці з нагоды актавага дня Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірыла Тураўскага і актавага дня Мінскага духоўнага вучылішча.

Святочныя мерапрыемствы ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Урачыстасці пачаліся здзяйсненнем Бажэственнай літургіі ў акадэмічным храме свяціцеля Кірыла Тураўскага, якую ўзначаліў Патрыяршы Экзарх.

Уладыку Экзарху саслужылі: рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў); першы прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі, настаяцель прыхода акадэмічнага храма свяціцеля Кірыла Тураўскага протаіерэй Уладзімір Далгаполаў; прадстаўнікі духоўных навучальных устаноў Рускай Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкай карпарацыі і студэнты Мінскай духоўнай акадэміі ў свяшчэнным сане.

Богаслужэбныя спевы выканаў мужчынскі хор Мінскай духоўнай акадэміі пад кіраваннем Андрэя Шляхтава і зводны хор Мінскіх духоўных школ пад кіраўніцтвам Наталлі Мядзведзь.

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў першы прарэктар МінДА протаіерэй Уладзімір Далгаполаў.

Пасля заамвоннай малітвы Патрыяршы Экзарх здзейсніў чын пастаўлення ў чытальнікаў навучэнцаў Мінскай духоўнай акадэміі.

Пасля заканчэння набажэнства мітрапаліт Павел павіншаваў рэктара МінДА архімандрыта Сергія, выкладчыкаў, навучэнцаў і гасцей з актавым днём духоўнай акадэміі і звярнуўся да ўсіх са словам настаўлення. Патрыяршы Экзарх заклікаў будучых служыцеляў Царквы Хрыстовай самааддана несці ў свет святло Богам адкрытых евангельскіх ісцін.

Мітрапаліт Павел павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне. На малітоўную памяць вернікам былі ўручаны абразкі Божай Маці «Мінская».

Было абвешчана мнагалецце Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Паўлу, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, уладам, войску і народу нашай краіны, выкладчыкам і навучэнцам Мінскай духоўнай акадэміі, усім, хто прысутнчаў у храме і маліўся.

Пасля богаслужэння адбылася афіцыйная частка аб'яднанага актавага дня Мінскай духоўнай акадэміі і Мінскага духоўнага вучылішча.

Месцы ў прэзідыуме занялі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, архімандрыт Сергій (Акімаў), рэктар МінДА, і протаіерэй Іаан Задарожын, дырэктар МінДВ.

Айцец рэктар зачытаў віншаванні ад Вучэбнага камітэта Рускай Праваслаўнай Царквы і Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

Віншаванне епіскапа Звянігарадскага Піцірыма, рэктара Маскоўскай духоўнай акадэміі, абвясціў в.а. прарэктара МДА па выхаваўчай рабоце іераманах Вячаслаў (Сарокін).

Віншаванне епіскапа Белагародскага Сільвестра, рэктара Кіеўскіх духоўных акадэміі і семінарыі, зачытаў выкладчык КДАіС протаіерэй Расціслаў Снігіроў. Айцец Расціслаў таксама перадаў Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі і ўсім прысутным прывітанне старшыні Вучэбнага камітэта Украінскай Праваслаўнай Царквы - мітрапаліта Нежынскага і Прылуцкага Клімента, а ад імя Блажэннейшага мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя падзякаваў беларускім вернікам за малітвы аб міры ва Украіне і выказаў надзею на тое, што ніякія выпрабаванні не змогуць пахіснуць духоўнае адзінства брацкіх славянскіх народаў.

Ад імя мітрапаліта Смаленскага і Дарагабужскага Ісідара, рэктара Смаленскай духоўнай семінарыі, усіх прысутных вітаў протаіерэй Валерый Рабаконь. Ён таксама перадаў у дар Мінскай духоўнай акадэміі копію Смаленскай іконы Божай Маці «Адзігітрыя».

Протаіерэй Георгій Сакалоў, першы прарэктар Мінскай духоўнай семінарыі, зачытаў віншавальны адрас архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя, рэктара МінДС. Айцец Георгій таксама паднёс у дар Мінскай духоўнай акадэміі ікону і камплект літаратуры для бібліятэкі.

Протаіерэй Канстанцін Ізафатаў, першы прарэктар Віцебскай духоўнай семінарыі, абвясціў віншаванне рэктара ВіцДС - архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя, а затым перадаў Мінскай духоўнай акадэміі зборнікі навуковых публікацый, выдадзеныя Віцебскай духоўнай семінарыяй.

Протаіерэй Сергій Гардун абвясціў прывітальны адрас ад Інстытута тэалогіі БДУ, рэктарам якога з'яўляецца мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Старшыня МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр» іерэй Святаслаў Рагальскі павіншаваў акадэмію і вучылішча з актавым днём і перадаў у дар кнігі па біблеістыцы.

Архімандрыт Сергій (Акімаў) прадставіў даклад пра бягучае становішча спраў у Мінскай духоўнай акадэміі. У цяперашні час агульная колькасць навучэнцаў МінДА складае 118 чалавек, што на 5 больш, чым у мінулым годзе, і з'яўляецца максімальным лікам за гісторыю існавання акадэміі. Пашырылася мэтавая аўдыторыя курсаў павышэння кваліфікацыі духавенства: зараз яны праводзяцца не толькі для святароў Мінскай епархіі, але і для ўсёй Мінскай мітраполіі.

З дакладам пра Мінскае духоўнае вучылішча выступіў протаіерэй Іаан Задарожын, які паведаміў, што за час сваёй працы вучылішча выпусціла больш за 450 званароў і 1000 катэхізатараў, якія зараз працуюць у Беларусі і краінах блізкага замежжа. У цяперашні час у вучылішчы навучаецца каля 300 студэнтаў.

Актавую прамову на тэму «Акадэмічныя даследаванні раннехрысціянскай антрапалогіі» агучыў кандыдат багаслоўя, доктар філасофіі Рэгенсбургскага ўніверсітэта, старшы выкладчык МінДА, загадчык кафедры рэлігіязнаўства Інстытута тэалогіі БДУ Андрэй Уладзіленавіч Данілаў. У верасні 2019 года выдавецтвам МінДА была выпушчана кніга Андрэя Уладзіленавіча «Раннехрысціянская антрапалогія».

Студэнтам і супрацоўнікам Мінскай духоўнай акадэміі былі ўручаны акадэмічныя граматы і падзякі.

З павучальным словам да прысутных звярнуўся мітрапаліт Павел. Уладыка Экзарх асабліва падкрэсліў, што кожны праваслаўны пастыр павінен ведаць веравучэнне Царквы, прапаведаваць Евангелле і быць жывым прыкладам стойкасці ў веры Хрыстовай на ўзор апосталаў, першых хрысціян і новамучанікаў нашай Царквы.

Church.by

Фотарэпартаж

Фотарэпартаж