Мітрапаліт Веніямін: Хрыстос скіруе да дабра кожнага з нас і ў цэлым Айчыну нашу
07 студзеня 20217 студзеня 2021 года, у свята Ражджаства Хрыстова мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запалілі калядныя свечкі ў храме Уздзвіжання Крыжа Гасподня ў Мінску.
Звяртаючыся да прысутных, Кіраўнік дзяржавы сказаў: «Гэта светлае, добрае свята. Усе мы чакаем ад яго не толькі дабра, але і цудаў. Асаблівасць такіх, маіх любімых святаў заключаецца ў тым, што кожны з нас, кожны чалавек ідзе сваёй дарогай да свайго храма. Гэта той найвялікшы здабытак, які мы з вамі маем».
Прэзідэнт выказаў перакананне, што тыя, хто ідзе ў храм, ідуць па мір, прабачэнне, ідуць за тымі хрысціянскімі каштоўнасцямі, якія жывуць у людзях. «Больш за 2 тысячы гадоў таму Нараджэнне Хрыста стала нейкім пунктам адліку новай цывілізацыі, новай светабудовы, дзе пануюць любоў, справядлівасць, дабро і міласэрнасць. Гэтыя рысы характару абсалютна ўласцівыя беларускаму народу. У кагосьці больш, у кагосьці менш. Але ў цэлым імкненне да сумленнасці, прыстойнасці і справядлівасці ў нас у крыві», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка згадаў і пра пандэмію, адзначыўшы, што як у першую хвалю, так і ў другую вельмі старанна аналізуе сітуацыю. «Фактычна жыву ёю. Таму што гэта вельмі важны момант у жыцці беларускага грамадства», - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар храму абраз Божай Маці «Аднойдзене загінуўшых». Гэта вобраз Багародзіцы, Якая схіляецца да Немаўляці Іісуса і суцяшае Яго смутак. Гэтым Божая Маці ўвасабляе апошні прытулак і апошнюю надзею для кожнага чалавека. Перададзеная ў дар ікона выраблена ў майстэрні Свята-Лізавецінскага жаночага манастыра Мінска.
Прымаючы дар, Патрыяршы Экзарх адзначыў, што свята Ражджаства Хрыстова заклікае нас яшчэ раз задумацца аб місіі Спасіцеля і мэце Яго прышэсця ў свет. «Мы зноў і зноў вяртаемся да гэтай падзеі – прышэсця ў свет Збаўцы. Перажываем, разважаем і звязваем з ім многія надзеі. Раз Хрыстос прыйшоў на зямлю дзеля нас, значыць, Ён нам і дапаможа, і скіруе ўсё да дабра кожнага з нас і ў цэлым Айчыны нашай», – сказаў прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы.
У той жа час гэтая падзея, падкрэсліў Патрыяршы Экзарх, прымушае ўсіх нас задумацца аб прызначэнні чалавека: «Хрыстос не шукае, дзе Яму лепш нарадзіцца. Ён не шукае, дзе б больш спрыяльна праходзіла яго служэнне. Здаецца, Ён насуперак усяму гэтаму здзяйсняе жыццёвы шлях. Пачынае ў пячоры для жывёлы, пераносіць цяжкасці, смуткі, творыць шматлікія цуды, ацаляе хворых, уваскрашае памерлых. Але для Сябе не карыстаецца гэтым. Хрыстос прыйшоў на зямлю дзеля таго, каб і нас навучыць вось гэтаму правільнаму ладу жыцця. Ён жыў і служыў перш за ўсё для кожнага чалавека, для кожнага з нас і паказваў, што і нам трэба гэтага прытрымлівацца».
«Важна, каб кожны з нас спасціг значэнне Яго жыццёвага шляху, тое, што здзейсніў дзеля нас Хрыстос, - заклікаў мітрапаліт Веніямін. - І ў падзяку, каб усе мы ад малога да вялікага прыносілі Яму ў дар нашы добрыя справы. У гэтым залог светлай будучыні для Беларусі і для кожнага з нас».
Затым мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін ўручыў Кіраўніку дзяржавы бронзавы макет храма Уздзвіжання Крыжа Гасподняга, сувенірны звон у памяць аб заканчэнні будаўніцтва гэтага храма, а таксама кнігу Мікалая Гаўрылава «...І абатрэ Бог усякую слязу».
Храм Уздзвіжання Крыжа Гасподняга узведзены ў 2020 годзе ў традыцыях класічнага крыжова-купальнага дойлідства. Храм ўваходзіць у архітэктурны комплекс, які ўключае ў сябе ўваходныя дзверы са званіцай, царкоўна-прыходскі дом, у якім размяшчаецца нядзельная школа і музей подзвігу савецкіх ваеннапалонных – вязняў Шталага-352 ў Мінску.
Новы храм мяжуе з мемарыяльным комплексам «Масюкоўшчынскі лагер смерці» - месцам для памінання больш за 80 тысяч пахаваных ваеннапалонных і мірных савецкіх грамадзян, закатаваных у нямецкім канцлагеры ў гады Вялікай Айчыннай вайны.