Мітрапаліт Веніямін узнагародзіў медыцынскіх работнікаў горада Барысава за самаадданую працу ў барацьбе з каронавіруснай інфекцыіяй

06 мая 2021

top.jpg

5 мая 2021 года, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, кіраўнік Барысаўскай епархіі ўзнагародзіў медыцынскіх работнікаў горада Барысава за самаадданую працу ў барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй.

Разам з мітрапалітам Веніямінам ушаноўваць людзей, якія цаной неймаверных намаганняў супрацьстаяць каварнай хваробе, у Барысаўскую бальніцу №2 прыехалі сакратар Барысаўскай епархіі, благачынны 2-й Барысаўскай царкоўнай акругі, настаяцель храма святога дабравернага князя Дзімітрыя Данскога протаіерэй Сергій Башкіраў і кіраўнік аддзела па сацыяльным служэнні і царкоўнай дабрачыннасці Барысаўскай епархіі іерэй Аляксандр Лук'яновіч.

«Цяпер Велікодны перыяд. Але і ў гэтыя святочныя дні вы працягваеце працаваць, аказваючы дапамогу хворым. Усё гэта патрабуе асаблівых душэўных сіл, цярпення, вытрымкі, мудрасці, разважлівасці, — сказаў уладыка, звяртаючыся да медыцынскіх работнікаў. — Часам вам даводзіцца ахвяраваць і сваім асабістым часам, і сваімі жаданнямі — каб дапамагчы хворым людзям і нават выратаваць нечае жыццё. Не кожны з вас можа прыйсці ў храм. Таму здзейснім сёння малебен і папросім дапамогі Божай у вашай высакароднай працы. Памолімся за вас і за вашых пацыентаў. Памолімся за нашу Айчыну. І уславім Бога, Уваскрэслага з мёртвых, каб Велікодная радасць таксама натхняла і вас».

Пасля малебна Патрыяршы Экзарх пагаварыў з медыцынскімі работнікамі пра каронавірусную інфекцыю, яе небяспеку і непрадказальнасць. Паразважаў над тым, што вірус нікчэмна малы і не можа існаваць самастойна, а толькі паразітуючы ў жывым арганізме. Але, між тым, ён прыносіць людзям вялікую шкоду. «І нас, што здабылі поспех у навуках, прасунуліся ў біятэхналогіях, маючых велізарныя магчымасці, гэты малюсенькі вірус прымусіў задумацца аб тым, наколькі ўсё ж слабое і безабароннае чалавечае жыццё. І што, нават, нягледзячы на дасягненні ў медыцыне, не ўсё магчыма зрабіць», — заўважыў уладыка. А затым прывёў сведчанні ўрачоў, якія распавядалі, як у падобных выпадках спадзяваліся на Божую дапамогу, і Гасподзь ім дапамагаў.

«Ваша праца неацэнная», — яшчэ раз падкрэсліў мітрапаліт Веніямін, звяртаючыся да медыцынскіх работнікаў, перад урачыстай цырымоніяй.

Указам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла медалямі «Патрыяршая падзяка» ўзнагароджаны галоўны ўрач УАЗ «Барысаўская бальніца №2» Павел Хацько, урач-кардыёлаг кардыялагічнага аддзялення №2 УАЗ «Барысаўская бальніца №2» Наталля Адамейка, урач-педыятр інфекцыйнага аддзялення для дзяцей №2 УАЗ «Барысаўская бальніца №2» Наталля Вашкевіч.

Такой жа высокай узнагароды ўдастоены ўрач-інфекцыяніст прыёмнага аддзялення інфекцыйнай бальніцы УАЗ «Барысаўская бальніца №2» Аляксандр Філіпаў, урач-кардыёлаг кардыялагічнага аддзялення бальніцы УАЗ «Барысаўская бальніца №2» Наталля Самцэвіч, урач-рэнтгенолаг, загадчыца кабінета рэнтгенаўскай камп'ютарнай дыягностыкі УАЗ «Барысаўская цэнтральная раённая бальніца» Людміла Сліўка.

Шэраг медыкаў Барысаўшчыны ўдастоены Архіерэйскіх грамат у благаславенне за працу на карысць Барысаўскай епархіі за подпісам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Адзначаны і калектывы ўстаноў, якія ўносяць сваю вялізную лепту ў барацьбу з каронавіруснай інфекцыяй: Барысаўская цэнтральная раённая бальніца, Барысаўская бальніца №2, станцыя хуткай неадкладнай дапамогі горада Барысава, 592 ваенны клінічны цэнтр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Барысаўскі дзяржаўны медыцынскі каледж, Барысаўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

На памяць аб малебне і ў якасці благаславення на далейшыя працы мітрапаліт Веніямін перадаў Барысаўскай бальніцы №2 у дар ад Барысаўскай епархіі ікону з вобразамі Спасіцеля і Багародзіцы.

У адказ з падзячным словам выступіў галоўны ўрач Барысаўскай бальніцы №2 Павел Хацько. Ён адзначыў, што медыкаментознае лячэнне вельмі важнае, але пры гэтым у працэсе выздараўлення чалавека велізарную ролю адыгрывае і яго настрой, яго духоўны стан. «Дзякуючы служыцелям Праваслаўнай Царквы, іх падтрымцы, справіцца з хваробай становіцца лягчэй, за што вялікі вам дзякуй!», — выказаў падзяку Павал Хацько.

Барысаўская епархія/Church.by

Фотарэпартаж