Мітрапаліт Веніямін наведаў Мінскі дзяржаўны каледж электронікі
20 кастрычніка 202020 кастрычніка 2020 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, наведаў Мінскі дзяржаўны каледж электронікі.
У холе навучальнай установы Патрыяршага Экзарха сустрэлі дырэктар каледжа Георгій Козел, педагогі, навучэнцы, журналісты. Мітрапаліта Веніяміна суправаджалі в. а. старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы Мікалай Ліс, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі іерэй Дзімітрый Ворса, намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Яўген Грамыка. На сустрэчы прысутнічалі старшыня Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) Алег Шэпель і старшыня праўлення Беларускага фонду міру Максім Місько.
Візіт архіпастыра не быў выпадковым: некалькі гадоў таму ўладыка Веніямін, тады епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі, прапанаваў навучаць у каледжы электронікі моладзь з парушэннямі зроку. Пры актыўным садзейнічанні БелТІЗ гэтую ідэю ўдалося ўвасобіць у жыццё. З верасня 2019 года пачалося навучанне невідушчых і дзяцей са слабым зрокам па спецыяльнасці «Эксплуатацыя электронна-вылічальных машын», а з верасня 2020-га — па спецыяльнасці «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Для асаблівых навучэнцаў у каледжы добраўпарадкавана безбар'ернае асяроддзе.
Больш падрабязна пра тое, як людзі з праблемамі зроку асвойваюць IT-тэхналогіі, Патрыяршаму Экзарху распавёў майстар вытворчага навучання Аляксандр Севярын. Сам Аляксандр Уладзіміравіч-цалкам невідушчы чалавек, але інваліднасць не перашкодзіла яму атрымаць дзве вышэйшыя адукацыі і стаць паспяховым педагогам.
Мітрапаліт Веніямін падзякаваў Аляксандру Севярыну за падзвіжніцкую працу, адзначыўшы, што такой працай могуць займацца толькі неабыякавыя людзі з гарачым сэрцам, пажадаў усяго самага светлага і добрага навучэнцам і ўручыў ім падарункі.
Дырэктар каледжа электронікі Георгій Козел азнаёміў уладыку Экзарха з рэсурсным цэнтрам інклюзіўнай адукацыі. Тут праходзяць навучанне хлопцы і дзяўчаты з парушэннямі слыху і апорна-рухальнага апарата, а таксама з расстройствамі аутыстычнага спектру. Як растлумачыў Георгій Уладзіміравіч, агульная колькасць выпускнікоў цэнтра перавышае 500 чалавек, некалькі дзясяткаў з іх у далейшым атрымалі вышэйшую адукацыю. Куратар цэнтра — Беларускі фонд міру, прысвоіў каледжу электронікі ў 2018 годзе ўнікальнае для Беларусі званне каледжа міру.
Патрыяршы Экзарх уручыў памятныя сертыфікаты прызёрам IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020. Гэта 11 навучэнцаў каледжа, з іх 5 — дзеці з асаблівасцямі развіцця. У наступным годзе дзецям трэба будзе пазмагацца за званне лепшых на міжнародным конкурсе WorldSkills Competition.
Своеасаблівым памятным дарам для мітрапаліта Веніяміна і ўсіх гасцей стала песня на жэставай мове ў выкананні дуэта навучэнцаў. Уладыка сардэчна падзякаваў рабятам, пажадаўшы ім у пошуках сэнсу жыцця звяртацца да Евангелля і «заўсёды быць у абдымках Божых».
Агульным рашэннем педагогаў і вучняў Патрыяршы Экзарх быў абраны духоўным папячыцелем цэнтра інклюзіўнай адукацыі.
Напрыканцы візіту мітрапаліт Веніямін пагутарыў з кіраўніцтвам Беларускага фонду міру, абмеркаваўшы перспектывы супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы.