Мітрапаліт Веніямін павіншаваў Патрыярха Кірыла з днём тэзаімянінаў
24 мая 2021
ЯГО СВЯЦЕЙШАСЦІ
СВЯЦЕЙШАМУ ПАТРЫЯРХУ
МАСКОЎСКАМУ І ЎСЯЕ РУСІ КІРЫЛУ
Ваша Свяцейшасць,
Свяцейшы Уладыка і Айцец!
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
З сыноўняй любоўю віншуем Вас з Днём Ангела ад імя епіскапату, святароў, манаскіх асоб і міран Беларускай Праваслаўнай Царквы!
У гэты дзень, услаўляючы подзвіг святых роўнаапостальных вучыцеляў Славянскіх, мы ўзносім нашы асабліва цёплыя малітвы аб Вашай Святыні і ад усёй душы жадаем, каб ваша высокае служэнне было адзначана пячаткай свяціцельскай руплівасці і багамудрай цвёрдасці асветніка славян святога Кірыла.
Сардэчна дзякуем Вам, Ваша Свяцейшасць, за Вашу айцоўскую любоў і малітоўную падтрымку беларускага народа. Горача просім нашага Нябеснага Архіпастыра і Начальніка ўмацаваць асаблівай благадаццю ўзначаленне Вамі Святой Рускай Праваслаўнай Царквы на многія гады.
У гэты ўрачысты дзень мы, верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы, жадаем Вашай Свяцейшасці моцнага здароўя і міру душэўнага, дабрабыту і ўсемагутнай дапамогі Божай у вашым Першасвяціцельскім служэнні.
Няхай Усяміласцівы Гасподзь малітвамі Вашага Нябеснага заступніка ўмацуе Вашу Святыню ў Вашай апостальскай працы ў славу Святой Царквы Хрыстовай.
Εἰς πολλὰ ἔτη, δέσποτα, Свяцейшы Уладыка!
+ ВЕНІЯМІН
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
24 мая 2021 г., г. Мінск