Мітрапаліт Веніямін прыняў удзел у адкрыцці выставы акварэлі Уладзіміра Рынкевіча «Аб зямным і нябесным» у горадзе Барысаве

09 красавіка 2021

top.jpg

9 красавіка 2021 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, прыняў удзел у адкрыцці выставы акварэлі Уладзіміра Рынкевіча «Аб зямным і нябесным» у горадзе Барысаве.

Выстава адкрылася ў карціннай галерэі «З'ява» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева. У экспазіцыі прадстаўлены цыкл работ, прысвечаны прыгажосці — навакольнага свету і душы.

Уладзімір Рынкевіч — мастак, мастацтвазнаўца, педагог, арт-куратар. Акварэль — асноўная вобласць яго мастацкай творчасці.

Персанальныя выставы мастака экспанаваліся ў Беларусі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Польшчы, Расіі. Творы жывапісца захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Ёрку, Віцебскім абласным мастацкім музеі, у залах Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава і інш.

Шэраг акварэляў аўтар падарыў Барысаўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, некаторыя мастацкія аркушы знайшлі свой сталы прытулак у прыватных калекцыях.

«Кожная выстава мае свой твар, непаўторнасць, — адзначыў у сваім прывітальным слове Уладзімір Рынкевіч. — Гэтая выстава характэрная тым, што ўпершыню ў сваіх працах я звяртаюся да тэмы духоўнасці, яна азначае пэўны этап маёй творчасці. Гэта ўсведамленне агульначалавечых, духоўных праблем. Многія працы з'явіліся пасля маіх паездак на Афон, Валаам. Кожны мастак павінен мець сваё бачанне, асэнсаванне той ці іншай падзеі і адлюстраваць іх такім чынам, каб яны знайшлі водгук у душы гледача».

Адкрыў экспазіцыю Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы.

На мерапрыемстве Высокапраасвяшчэннейшага Веніяміна суправаджалі сакратары Барысаўскай епархіі, благачынныя барысаўскіх царкоўных акруг протаіерэй Аляксандр Вярбіла і протаіерэй Сергій Башкіраў.

Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Зяблікава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Барысаўскага райвыканкама Марыя Умецкая, старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык і іншыя.

«З Уладзімірам Іванавічам мы знаёмыя параўнальна нядаўна, але яго працы не могуць пакінуць абыякавым любога гледача — распавёў мітрапаліт Веніямін. — Яны апускаюць у свет вобразнасці і з аднаго боку сведчаць пра прыгажосць Божага свету, а з другога — заахвочваюць зазірнуць у куткі сваёй душы. Карціны прасякнуты мірам і спакоем. Барысаў сёлета аб'яўлены культурнай сталіцай Беларусі, і такія мерапрыемствы, якія закранаюць тэму духоўнасці, вельмі важныя. Талент — гэта Божы дар, і, калі ён прымушае задумацца пра самае важнае, патаемнае, — гэта выдатна».

Акварэль — тэхніка тонкая і складаная. Незвычайныя, глыбокія па свайму зместу працы Уладзіміра Рынкевіча «Бязмоўе ля ікон», «Афон», «Валаам», «Луг духоўны» і іншыя сапраўды агаляюць пачуцці гледачоў, прыцягваюць, прымушаюць затрымацца ў кожнай працы.

Уладзімір Рынкевіч паднёс аўтарскія кнігі Барысаўскай епархіі, раённаму выканаўчаму камітэту, раённай бібліятэцы. А дванаццаць акварэляў ужо былі перададзены ў дар епархіі раней.

Закончылася мерапрыемства невялікім канцэртам камернага хору «Праабражэнне» (кіраўнік — клірык храма Ражджаства Хрыстова іерэй Сергій Пракопчык).

У завяршэнне адбыўся акт падпісання і перадачы ў Барысаўскую епархію работ Уладзімір Іванавіча. У падпісанні дакумента з боку Барысаўскай епархіі прынялі ўдзел мітрапаліт Веніямін і прэс-сакратар Барысаўскай епархіі іерэй Ігар Васько.

Пазнаёміцца з творчасцю жывапісца можна да 23 мая.

Час працы з 10.00 да 18.30.

Барысаўская епархія/Church.by

Фотарэпартаж