Мітрапаліт Веніямін прыняў удзел у адкрыцці выставы Мікалая Кузьміча «Byzantium»
02 снежня 20202 снежня 2020 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё персанальнай юбілейнай выставы вядомага беларускага мастака Мікалая Кузьміча «Byzantium». На выставе прадстаўлены ўнікальныя работы майстра ў тэхніцы старажытнавізантыйскай эмалі — іконы, абразкі, медальёны, выкананыя за апошнія некалькі гадоў.
Удзел у адкрыцці выставы прыняў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Уладыка Экзарх, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў і Мікалай Кузьміч звярнуліся да наведвальнікаў музея з прывітальнымі словамі Аб сувязі высокага мастацтва і хрысціянскай духоўнасці. Мітрапаліт Веніямін благаславіў мастака на новыя творчыя здзяйсненні і пажадаў моцы сіл, сардэчна падзякаваўшы арганізатарам выставы за іх асветніцкую працу.
У дар музею былі перададзеныя экспанаты з рызніцы Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта — мітра, выкананая ў тэхніцы саломапляцення ў 2006 годзе, і камплект з нагруднага крыжа і двзюх панагій, выраблены да 2000-годдзя Нараджэння Хрыстова. Дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў выказаў глыбокую ўдзячнасць Ганароваму Патрыяршаму Экзарху за дары, якія ўяўляюць сабой прыклад Беларускага царкоўнага мастацтва мяжы XX-XXI стагоддзяў.
Мікалай Кузьміч увайшоў у гісторыю Беларусі, калі аднавіў адну з нацыянальных святынь — уздзвізальны Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай, які сёння захоўваецца ў алтары Спаса-Праабражэнскага храма Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку. Праз некалькі гадоў Мікалай Пятровіч стварыў стаўратэку (сховішча для крыжа) і раку для мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай. Дзяржава і Праваслаўная Царква высока ацанілі творчасць мастака. Мікалай Кузьміч — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, ордэна Рускай Праваслаўнай Царквы роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра, ордэна Беларускай Праваслаўнай Царквы Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай і іншых узнагарод. Вядомы майстар працуе ва ўнікальнай тэхніцы старажытнавізантыйскай перагародкавай эмалі. Яго працы спалучаюць у сабе традыцыйную візантыйскую эстэтыку формы, лініі і якасці вырабу, еўрапейскія ўяўленні аб стылі і функцыях твору мастацтва са знакавасцю, сэнсавай насычанасцю элементаў і сімвалаў.