Мітрапаліт Веніямін здзейсніў чын асвячэння храма свяціцеля Лукі, архіепіскапа Сімферопальскага, горада Мінска

12 чэрвеня 2021

top.jpg

12 чэрвеня 2021 года, у суботу сядміцы 6-ай пасля Пасхі, пасвята Узнясення Гасподняга, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў чын вялікага асвячэння храма свяціцеля Лукі, архіепіскапа Сімферопальскага, горада Мінска і ўзначаліў Бажэственную літургію.

Высокапраасвяшчэннейшаму ўладыку саслужылі: сакратар Мінскай епархіі протаіерэй Андрэй Волкаў; благачынны 6-й Мінскай гарадской акругі протаіерэй Сергій Комлік, настаяцель прыхода храма свяціцеля Лукі, архіепіскапа Сімферопальскага, протаіерэй Віктар Рэзановіч і госці ў свяшчэнным сане.

Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор храма пад кіраваннем Наталлі Вальковай.

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў протаіерэй Віктар Ніканчык, благачынны Ільянскай акругі Маладзечанскай епархіі.

Пасля заамвоннай малітвы Патрыяршы Экзарх і саслужачыя святары здзейснілі слаўленне свята Узнясення Гасподняга.

Пасля адпуста Бажэственнай літургіі мітрапаліт Веніямін павіншаваў духавенства і прыхаджан з асвячэннем храма і звярнуўся да ўсіх прысутных са словам павучання: «Гасподзь узнёсся на неба. Здавалася б, яго вучні пазбавіліся магчымасці на свае вочы мець зносіны з Хрыстом, чуць словы Яго павучанняў, бачыць, як Ён дзейнічае, праз цуды атрымліваць дапамогу, суцяшэнне і натхненне на жыццёвым шляху. Але, калі ў евангеліста Лукі чытаем пра ўзнясенне Хрыста на неба, мы сустракаем там такія словы: апосталы «вярнуліся ў Іерусалім з вялікай радасцю» (Лк. 24:52). Вучні растаюцца з любімым Настаўнікам і радасцю напаўняюцца іх сэрцы. Яны ўсведамляюць, што так лепш, так правільней. Хрыстос, аддаліўшыся ад іх, потым пашле ім Уцяшыцеля і дасць многія іншыя даброты, якімі цяпер валодае ва ўсёй паўнаце Царква зямная. І мы з вамі з'яўляемся спадчыннікамі таго духоўнага багацця, якое было падаравана праз Святога Духа, пасланага нам Хрыстом пасля Яго ушэсця на неба. Але ў ушэсці Хрыста на неба ёсць яшчэ адзін важны момант: Гасподзь абяцаў нам быць тут на зямлі да сканчэння веку. І сапраўды ён знаходзіцца з намі ў таінстве Еўхарыстыі.

Пасля выгнання першых людзей з раю чалавецтва загразла ў грахах, чалавецтва адрынута Богам. Але з Узнясеннем Хрыстовым чалавечая існасць, якую прыняў на Сябе Сын Божы, была ўзнесена ў нябесныя мясціны.

І асвячэнне сённяшняга храма — гэта таксама ў некаторай ступені памнажэнне радасці свята Узнясення Гасподняга. Калі пасланцы святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, прыбыўшы ў Канстанцінопаль, убачылі прыгажосць набажэнства, пачулі спевы хораў, убачылі ўнутранае ўбранне храма, яны казалі: «Мы не ўсведамлялі, ці на зямлі мы знаходзімся ці на небе». Але такая ж магчымасць падаравана і гэтаму храму сёння праз асвячэнне. Бывае, людзі пасля ўважлівай, засяроджанай малітвы не хочуць выходзіць з храма. Таму што ўсведамляюць, што там, за парогам храма, іх чакае мітусня, а тут — Царства Нябеснае на зямлі. Так дзейнічае Уцяшыцель, Дух Святы ў храме Божым», — падкрэсліў уладыка мітрапаліт.

У знак благаславення прыходу мітрапаліт Веніямін перадаў настаяцелю ікону Уваскрасення Хрыстова.

Кцітары, будаўнікі, папячыцелі і прыхаджане, якія спрыялі ўзвядзенню царквы, былі ўдастоены медалёў, грамат і падзякі Патрыяршага Экзарха.

Уладыка Веніямін павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў вернікам архіпастырскае благаславенне.

Сhurch.by

Фотарэпартаж