Мітрапаліт Веніямін здзейсніў малебен перад міратачывай іконай Божай Маці «Замілаванне» (Лакоцкая) у Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска

24 чэрвеня 2021

top.jpg

24 чэрвеня 2021 года, у дзень памяці іконы Божай Маці, названай «Дастойна ёсць» («Мілуючая»), мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў малебен з чытаннем акафіста перад міратачывай іконай Прасвятой Багародзіцы «Замілаванне» (Лакоцкая) у Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска.

Цудатворны абраз прыбыў у кафедральны сабор для пакланення вернікаў 24 чэрвеня, і будзе тут знаходзіцца да 30 чэрвеня.

Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: сакратар Мінскай епархіі протаіерэй Андрэй Волкаў; ключнік сабора протаіерэй Уладзімір Увараў і клірыкі кафедральнага Свята-Духава сабора.

Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.

Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.

Па завяршэнні малебна былі ўзнесены малітвы аб міры на беларускай зямлі і адзінстве народа Божага.

У сувязі з тым, што гэты год аб'яўлены ў нашай краіне Годам народнага адзінства, і ў сілу захоўваемых падзелаў у грамадстве, якія могуць быць пераадолены шчырай агульнанароднай малітвай, пакаяннем і пасільнай духаўнай працай, Сінод Беларускага Экзархату сваім рашэннем ад 8 чэрвеня 2021 года вызначыў узнесці ва ўсіх храмах і манаскіх абіцелях Беларускай Праваслаўнай Царквы малітвы аб міры на беларускай зямлі і адзінстве народа Божага. Таму 24 чэрвеня, у дзень памяці абраза Божай Маці «Дастойна ёсць» («Мілуючая»), у 19:00 альбо па заканчэнні ўстаўных вячэрніх набажэнстваў у праваслаўных храмах і манастырах Беларусі былі здзейснены малебны да Божай Маці з чытаннем акафіста Прасвятой Багародзіцы.

Лакоцкая ікона Божай Маці таксама з'яўляецца копіяй абраза «Замілаванне», дакладней яго рэпрадукцыяй. У 1994 годзе жыхарка пасёлка Локаць Бранскай вобласці набыла каляндар, у якім быў малюнак любімай іконы прападобнага Серафіма. Некалькі гадоў абраз знаходзіўся ў галоўным іканастасе, пакуль не здарыўся цуд: у 1998 годзе ікона заміраточыла. Вестка пра міратачывы абраз у пасёлку на Браншчыне хутка распаўсюджвалася ў Расіі, Беларусі, Украіне. Існуе мноства фота- і відэасведчанняў міратачэння Лакоцкай іконы «Замілаванне». Замест рамкі для абраза ў Софрыне зрабілі двухбаковую рызу — з адваротнага боку яна адкрывае цудоўна праяўлены вобраз Божай Маці.

У 2006 годзе на пасяджэнні, якое адбылося ў рамках Калядных чытанняў, якія праходзілі на базе МДУ, падзеі, звязаныя з абразом Божай Маці «Замілаванне» з пасёлка Локаць Бранскай вобласці, былі прызнаны цудам. Незвычайныя ўласцівасці святога абраза прызналі члены Сінадальнай багаслоўскай камісіі, святары, іканапісцы, запрошаныя ў якасці незалежных экспертаў навукоўцы і рэдактары праваслаўных выданняў, якія даследавалі гэтае пытанне.

Абраз Божай Маці «Замілаванне» хоць і называецца Лакоцкім, вялікую частку часу знаходзіцца ў дарозе. Ён ужо пабываў у многіх саборах, храмах і манастырах Расіі, Беларусі, Украіны і Малдовы, ішоў наперадзе шматлюдных хрэсных хадоў, як унутрырасійскіх, так і міжнародных.

 Church.by 

Фотарэпартаж