Мітрапаліт Веніямін здзейсніў асвячэнне капліцы ў гонар Яўлення Божай Маці на Святой (Мар'інай) горцы ў Чэрвеньскім раёне [+ВІДЭА]
07 мая 20216 мая 2021 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, кіраўнік Барысаўскай епархіі, здзейсніў асвячэнне капліцы ў гонар Яўлення Прасвятой Багародзіцы на Святой (Мар'інай) горцы каля вёскі Верхлес Чэрвеньскага раёна.
За набажэнствам Патрыяршаму Экзарху саслужылі: ігумен Лядзенскага мужчынскага манастыра Звеставання Прасвятой Багародзіцы іераманах Лаўр (Будзіч), благачынны Чэрвеньскай царкоўнай акругі протаіерэй Мікалай Літвінчык, брація Лядзенскага манастыра ў свяшчэнным сане, святары Чэрвеньскага благачыння.
Пасля заканчэння набажэнства Патрыяршы Экзарх павіншаваў усіх прысутных са святам Святой Пасхі і звярнуўся са словам настаўлення, у якім падкрэсліў значнасць і важнасць святых месцаў, куды можна было б прыйсці і памаліцца.
У завяршэнне ўладыка Веніямін падзякаваў Аляксею Іванавічу Хацкевічу — ініцыятару і будаўнікц капліцы, а таксама яго супрацоўнікам, якія аказалі дапамогу ў будаўніцтве святога месца.
Паводле аднаго з мясцовых паданняў, у канцы 40-х гадоў ХХ стагоддзя камень з адбіткам ступні Найсвяцейшай Багародзіцы, ці камень-следавік, быў узяты з акружэння іншых дробных камянёў і пакладзены ў падмурак дома адным з мясцовых жыхароў. Але дом неўзабаве згарэў, а разам з ім і іншыя 12 дамоў вёскі. Узрушаныя людзі вярнулі камень на горку. У гэты ж прыкладна час адна набожная жанчына, у якой з вайны не вярнуліся муж і трое сыноў, на гэтым святым месцы ў памяць пра іх ўстанавіла металічныя крыжы. Неўзабаве вакол верхлескага каменя і крыжа ўтварыліся могілкі.
І сёння, мясцовыя жыхары і паломнікі, як і ў мінулыя часы, прыходзяць сюды з малітвай да Божай Маці, просячы яе заступніцтва і міласцівай дапамогі, шукаючы ўмацавання і абароны каля Крыжа Гасподняга.
У цяперашні час камень каля вёскі Верхлес уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь і аднесены да трэцяй катэгорыі.