Мітрапаліт Веніямін здзейсніў закладку капсулы ў падмурак помніка свяціцелю Георгію (Каніскаму), архіепіскапу Магілёўскаму [+відэа]

06 жніўня 2021

top.jpg

6 жніўня 2021 года, у дзень памяці свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў закладку капсулы ў падмурак помніка свяціцелю. Ён размесціцца на назіральнай пляцоўцы ў парку ў Падніколлі.

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, старшыня Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Цумараў, старшыня Фонду памяці свяціцеля Георгія Каніскага Анатоль Хішчанка.

На цырымоніі прысутнічалі архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан, епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід, епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій, епіскап Светлагорскі Амвросій, вікарый Гомельскай епархіі, духавенства Магілёўскай епархіі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама шматлікія жыхары і госці горада.

Удзельнікі ўрачыстага мерапрыемства азнаёміліся з макетам будучага помніка — гэта будзе 8-метровая бронзавая скульптура, якая размесціцца на гранітным падножжы.

Мітрапаліт Веніямін адзначыў, што свяціцель Георгій (Каніскі), архіепіскап Магілёўскі, пры жыцці зрабіў многае не толькі для Магілёва і беларускага народа. «Яго імя вядома далёка за межамі нашай краіны. Ён вядомы тым, што ў няпросты палітычны час  рабіў многае для яго стабілізацыі. Георгій Каніскі як любячы айцец клапатліва і часам з небяспекай для жыцця адстойваў інтарэсы сваёй паствы, якія ніхто іншы адстаяць не мог — сказаў Патрыяршы Экзарх. — Пахаваны Георгій Каніскі ў 1795 годзе ў Спаскім саборы, які ён сам і пабудаваў. Праз некаторы час аказалася, што мошчы яго нятленныя — гэта стала вядома ў 1812 годзе, у час нашэсця французаў. Пры рамонце сабора, у канцы XIX стагоддзя, склеп з мошчамі зноў быў адкрыты і было яшчэ раз засведчана нятленне парэшткаў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны святыя мошчы не захаваліся на нашай зямлі, але памяць аб ім засталася ў сэрцах вернікаў».

Па словах архіпастыра, з'яўленне ў Магілёве такога манумента — знак падзякі нашчадкаў за працы свяціцеля, а таксама дыпламата і палітычнага дзеяча.

Месца для будучага помніка выбіралі доўга і карпатліва. Як падкрэсліў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, прыхаджане і жыхары горада прынялі актыўны ўдзел у гэтым выбары. «Прапаноў для размяшчэння было некалькі. Разглядалі варыянт на пляцоўцы ля палаца свяціцеля, на тэрыторыі Спаса-Праабражэнскага храма. Але ў выніку абралі назіральную пляцоўку ў парку ў Падніколлі — так вырашыла створаная ў гарвыканкаме камісія сумесна з прыхаджанамі. Месца незвычайнае, калі звярнуць увагу на тэрыторыю парка, то злева — Свята-Нікольскі манастыр, справа — Свята-Пакроўская царква, якая будуецца. А ў цэнтры, удалечыні за Дняпром, віднеюцца купалы Спаса-Праабражэнскага сабора — сказаў мэр. — Парк — адно з любімых месцаў адпачынку гараджан і гасцей горада. Тут заўсёды шмат людзей, таму мы палічылі, што гэта будзе лепшы варыянт. Нас падтрымалі прыхаджане і жыхары горада».

Эскіз будучага манумента і праектна-каштарысная дакументацыя гатовыя, фінансавацца ўзвядзенне помніка будзе з ахвяраванняў, а таксама з Фонду імя Георгія Каніскага.

«Мы доўга ішлі да таго, каб у Магілёве з'явіўся помнік Георгію Каніскаму. Працэс пачаўся яшчэ ў 2017 годзе, калі да мяне звярнуліся жыхары Магілёва і далі 10 тыс. подпісаў сябраў ініцыятыўнай групы, якія выступалі за ўшанаванне памяці свяціцеля. У тым жа годзе благаславенне на працу даў мітрапаліт Павел (Панамароў). Шмат людзей нам дапамагала на розных этапах стварэння і ўзгаднення гэтага праекта. У 2019 годзе прэзідэнт указам даў дабро на ўстаноўку помніка — распавёў старшыня праўлення Фонду імя Георгія Каніскага Анатоль Хішчанка. — У Магілёве даўно хацелі ўвекавечыць памяць гэтага вялікага дзеяча. У абласным цэнтры ёсць шмат будынкаў, створаных па ініцыятыве Георгія Каніскага. Але мы вельмі будзённа ставімся да ўжо звыклых пабудоў, не асабліва ведаем іх гісторыю. А помнік, ды яшчэ ў такім месцы, зверне ўвагу людзей на асобу свяціцеля і яго дзейнасць. Акрамя таго, будучы помнік размесціцца недалёка ад Дняпра, які абмывае тры брацкія дзяржавы, у гісторыю якіх упісана імя Георгія Каніскага».

Па словах Патрыяршага Экзарха, сёння не толькі горад Магілёў, але і ўся Беларусь святкуе памяць Георгія Каніскага, названага Магілёўскім і Беларускім. Помнік свяціцелю — гэта знак удзячнасці нашчадкаў за яго працы і аддзяка яму, як дзяржаўнаму дзеячу і дыпламату.

«Памяць аб гэтым чалавеку ўшаноўваецца ў нашым народзе. Мы ўсведамляем яго вялікім заступнікам, які хадайнічае і цяпер аб тым, каб мір, любоў і вера Праваслаўная ўмацоўваліся на землях Беларусі», — адзначыў архіпастыр напярэдадні урачыстасцяў на сустрэчы са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам. 

belta.by/Church.by

Фотарэпартаж