Мітрапаліт Веніямін узначаліў аб'яднаныя выпускныя ўрачыстасці Мінскай духоўнай акадэміі і Інстытута тэалогіі БДУ

30 чэрвеня 2021

top.jpg

30 чэрвеня 2021 года ў Духоўна-адукацыйным цэнтры Беларускай Праваслаўнай Царквы адбыўся аб'яднаны выпускны Акт Мінскай духоўнай акадэміі і Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Перад пачаткам выпускнога акта ў акадэмічным храме свяціцеля Кірыла Тураўскага была здзейснена Бажэственная літургія.

Богаслужэнне ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, рэктар Інстытута тэалогіі.

Уладыку Экзарху саслужылі: рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў); першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэй Сергій Гардун, прарэктар па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі іераманах Афанасій (Сакалоў); сакратар Мінскай епархіі протаіерэй Андрэй Волкаў; выкладчыкі і выпускнікі Акадэміі і Інстытута ў свяшчэнным сане.

У пачатку богаслужэння мітрапаліт Веніямін здзейсніў пострыг у чытальнікаў выпускнікоў Акадэміі і Інстытута.

За Літургіяй маліліся выпускнікі Мінскай духоўнай акадэміі і Інстытута тэалогіі, іх настаўнікі, родныя і блізкія.

Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор Мінскай духоўнай акадэміі пад кіраўніцтвам Андрэя Шляхтава.

На малым уваходзе мітрапаліт Веніямін, зважаючы на руплівую працу ў славу Маці-Царквы, узнагародзіў іерэя Уладзіміра Грыцэвіча, іерэя Віктара Кулічэнку, іерэя Сергія Чарняка правам нашэння камілаўкі, іерэя Аляксія Масесава — правам нашэння камілаўкі і набедраніка.

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў іерэй Уладзімір Грыцэвіч.

Па заканчэнні Літургіі Патрыяршы Экзарх звярнуўся да выпускнікоў і ўсіх прысутных са словам навучання, пасля чаго прачытаў падзячную малітву.

Затым архіпастыр узнагародзіў рэктара Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыта Сергія (Акімава), зважаючы на яго старанную працу ў славу Маці-Царквы, ордэнам свяціцеля Кірыла Тураўскага II ступені. Граматай Патрыяршага Экзарха ў сувязі з 50-годдзем таксама быў узнагароджаны бібліёграф бібліятэкі Мінскай духоўнай акадэміі Аляксандр Лятко.

Пасля богаслужэння адбыўся ўрачысты выпускны акт.

Рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў) прадставіў выніковы даклад аб выпуску акадэміі. У сваім выступленні ён падкрэсліў, што сумесны выпуск студэнтаў Мінскай духоўнай акадэміі і Інстытута тэалогіі БДУ сведчыць аб самых цесных кантактах і сяброўскіх адносінах, якія склаліся паміж Акадэміяй і Інстытутам, паміж выкладчыкамі, супрацоўнікамі і студэнтамі.

Архімандрыт Сергій (Акімаў) адзначыў, што для Мінскай духоўнай акадэміі цяперашні выпуск з'яўляецца 23-м па ліку, і адначасова, гэта ўжо 7-ы выпуск рэфармаванай Мінскай духоўнай акадэміі, 7-ы выпуск магістраў багаслоўя і 4-ы выпуск даследчыкаў, якія завяршылі навучанне ў аспірантуры.

Паводле слоў рэктара, вось ужо 4-ы год Акадэмія працуе на поўную сілу, забяспечваючы падрыхтоўку кадраў для Беларускай Праваслаўнай Царквы на другім і трэцім узроўні багаслоўскай адукацыі. У цяперашні час МінДА, па словах архімандрыта Сергія (Акімава), цалкам пакрывае патрэбу Беларускай Праваслаўнай Царквы ў спецыялістах адпаведнага ўзроўню падрыхтоўкі. Падводзячы вынікі навучальнага года, выступоўца адзначыў, што ў 2021 годзе сваё навучанне ў магістратуры завяршылі 33 чалавекі, у тым ліку з дыпломамі магістра 29 чалавек.

У завяршэнне архімандрыт Сергій (Акімаў) выказаў словы падзякі ўсім, хто прымаў удзел у стварэнні Мінскай духоўнай акадэміі, адзначыўшы, што акадэмія гэта не толькі сцены, а ў першую чаргу саюз прафесіяналаў, якія ўсведамляюць сваю адказнасць перад Богам, Царквой і грамадствам у справе падрыхтоўкі сучасных царкоўных спецыялістаў. «Нягледзячы на ўсе цяжкасці, нам удалося ўвасобіць у жыццё мару нашага настаўніка мітрапаліта Філарэта аб стварэнні ў сталіцы Беларусі аўтарытэтнага навукова-адукацыйнага цэнтра, у якім сыдуцца шляхі багаслоўскай і свецкай навукі. І сёння Акадэмія шырока вядомая за межамі нашай краіны дзякуючы навуковым працам выкладчыкаў, навукова-выдавецкай дзейнасці, яна праслаўляецца сваімі выдатнымі выпускнікамі», — сказаў рэктар Акадэміі. Звяртаючыся да выпускнікоў, ён адзначыў, што яны — будучыня Царквы. «Вам працягваць і стварэнне нашай альма-матэр» — даў наказ архімандрыт Сергій (Акімаў).

Далей мітрапаліт Веніямін уручыў архімандрыту Сергію (Акімаву) указ аб яго вызваленні ад пасады рэктара МінДА ў сувязі з маючым адбыцца накіраваннем у замежную камандзіроўку і выказаў яму падзяку за панесеную працу, пажадаўшы дапамогі Божай у новым послуху.

Затым Патрыяршы Экзарх уручыў указ прарэктару па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі іераманаху Афанасію (Сакалову) аб прызначэнні яго з 1 ліпеня 2021 года рэктарам Мінскай духоўнай акадэміі і пажадаў дапамогі Божай у будучай працы.

Урачысты акт працягнуўся выступленнем першага прарэктара Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэя Сергія Гардуна, які распавёў аб тым, што ў гэтым годзе дыпломы Інстытута тэалогіі атрымаюць 30 чалавек — гэта выпускнікі першай ступені навучання і магістратуры. Большасць выпускнікоў размеркавалі ў царкоўныя структуры, у прыватнасці нядзельныя школы, частка маладых спецыялістаў будуць працаваць у дзяржаўных установах адукацыі — каледжах і сярэдніх школах.

Затым са словам да выпускнікоў звярнуўся Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак. Ён выказаў надзею, што маладыя выпускнікі Мінскай духоўнай акадэміі і Інстытута тэалогіі прыйшоўшы працаваць на прыходы і ва ўстановы адукацыі, змогуць знайсці патрэбныя словы для сваіх аднагодкаў, каб юнакі і дзяўчаты, якія пакуль праходзяць міма Царквы, пачулі слова Божае, прыйшлі ў храм і жылі паводле запаведзяў Божых.

У завяршэнне мітрапаліт Веніямін пажадаў выпускнікам, каб іх будучае служэнне праходзіла з натхненнем і арыенцірам на святых мучанікаў Мануіла, Савела і Ісмаіла, памяць якіх сёння здзяйсняе Праваслаўная Царква, а таксама Грыгорыя Багаслова, свяціцеля Кірыла Тураўскага, усіх святых зямлі Беларускай і сусветных святых. «Усе яны, несумненна, будуць вам заступнікамі і памочнікамі. Шмат карыснага вы атрымалі, навучаючыся ў Інстытуце тэалогіі і Мінскай духоўнай акадэміі. Цяпер і па царкоўнай лініі, і па лініі свецкай ад вас чакаецца аддача, аддача на славу Божую і на карысць Маці-Царквы і Айчыны нашай. Няхай Гасподзь дапаможа вам у гэтым, умацуе і наставіць», — даў наказ выпускнікам архіпастыр.

Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства ўручэннем дыпломаў выпускнікам Акадэміі і Інстытута.

Church.by  

Фотарэпартаж