Мітрапаліт Веніямін узначаліў правядзенне Каляднага вечара Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра

23 студзеня 2021

top.jpg

22 студзеня 2021 года ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі горада Мінска адбыўся Калядны вечар Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла».

Урачысты сход узначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Калядны вечар з'яўляецца штогадовым царкоўна-грамадскім мерапрыемствам, і праводзіцца з 1999 года.

З прывітальным словам да арганізатараў і гасцей вечара звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Павіншаваўшы прысутных са светлымі святамі Ражджаства Хрыстова і Богаяўлення, уладыка Экзарх пажадаў усім прысутным суцяшэння і радасці ў гэтыя светлыя дні, натхнення на ўсё добрае і карыснае. Каб святло Хрыстова прасвятляла кожнага, і, натхнёныя гэтым святлом, мы рабілі добрыя справы, ішлі шляхам збаўчым, знаходзячыся ў радасці Госпада.

На вечары прагучалі ўспаміны пра мітрапаліта Філарэта, заснавальніка і першага старшыні Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра.

Мітрапаліт Веніямін згадаў, як шмат рабіў спачылы архіпастыр для таго, каб прывесці людзей да Бога, наколькі шматгранным было яго служэнне на ніве Хрыстовай.

Ад імя Рыма-Каталіцкай Царквы прысутных вітаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Паводле яго слоў, без мітрапаліта Філарэта, магчыма, не было б духоўнага адраджэння Беларусі. «Ён вёў людзей да сустрэчы з Іісусам Хрыстом, будаваў масты паміж Царквой і грамадствам, Царквой і дзяржавай, Праваслаўнай Царквой і іншымі канфесіямі. Я называю яго не толькі сваім сябрам, але і настаўнікам», — адзначыў каталіцкі арцыбіскуп.

Цэнтральнай падзеяй вечара стала традыцыйнае ўручэнне прэмій Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра «За асаблівы ўклад у справу хрысціянскай асветы і адукацыі, дбайнае служэнне Царкве Хрыстовай у справе выхавання моладзі, уклад у развіццё тэалагічнай адукацыі».

З ліку святароў прэміі ўдастоены протаіерэй Андрэй Смольскі, клірык Віцебскай епархіі, кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі.

З ліку міран прэміяй узнагароджана Галіна Нікалаенка — старшыня ГА «Беларускае педагагічнае таварыства», прарэктар па навукова-метадычнай рабоце ДУА «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі», прафесар кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі, доктар педагагічных навук.

Падводзячы вынікі шматгадовай дзейнасці Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, яго старшыня іерэй Святаслаў Рагальскі адзначыў, што галоўнай мэтай цэнтра мітрапаліт Філарэт лічыў сведчанне аб прыгажосці веры і Царквы Хрыстовай тым людзям, якія яшчэ пакуль не дайшлі да храма.

Святочны вечар завяршыўся канцэртнай праграмай «Музычнае прынашэнне», арганізаванай сумесна з Беларускім саюзам музычных дзеячаў. У канцэрце прынялі ўдзел Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы» пад кіраўніцтвам Вольгі Янум, мітрапалічы хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага, а таксама камерны хор Саюза музычных дзеячаў «Salutaris».

Трансляцыя мерапрыемства вялася ў прамым эфіры на афіцыйным YouTube канале Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Church.by  

Фотарэпартаж