Мітрапаліт Веніямін узначаліў пасяджэнне Вучонай рады Мінскай духоўнай семінарыі

30 снежня 2020

top.jpg

30 снежня 2020 года пад старшынствам Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, адбылося пасяджэнне Вучонай рады Мінскай духоўнай семінарыі. У рабоце рады прыняў удзел выкладчык епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый.

Праца рады пачалася малітвай «Цару Нябесны» і праходзіла пры выкананні рэкамендаваных мер захавання здароўя. Іншагароднія выкладчыкі ўдзельнічалі ў працы з дапамогай відэасувязі на платформе Zoom.

У пачатку пасяджэння ўладыка мітрапаліт удастоіў выкладчыка кафедры біблеістыкі, насельніка Жыровіцкага манастыра іераманаха Яўстафія (Халіманкова), зважаючы на працу на карысць Праваслаўнай Царквы, юбілейнага медаля ў памяць 500-годдзя Успенскага Жыровіцкага манастыра. Айцец Яўстафій з'яўляецца аўтарам шэрагу вучэбных дапаможнікаў, прысвечаных экзэгетычнаму аналізу асобных кніг Свяшчэннага Пісання Новага Запавету і вялікай колькасці публікацый па дадзенай тэме. Таксама ён вядучы Біблейскага гуртка, які штотыдзень праходзіць у памяшканні рэдакцыі часопіса Мінскай духоўнай семінарыі «Ступені».

Прарэктар па навуковай рабоце дацэнт А. В. Слесараў прадставіў даклад аб навуковай рабоце Мінскай духоўнай семінарыі ў першым семестры 2020/2021 навучальнага года. Рэагуючы на даклад дацэнта А. В. Слесарава, мітрапаліт Веніямін звярнуў увагу на неабходнасць больш шырокага выкарыстання вынікаў навуковых даследаванняў выкладчыкаў у сферы адукацыі і асветы.

Аб выніках паспяховасці студэнтаў багаслоўска-пастырскага аддзялення семінарыі дзённай формы навучання ў першым семестры 2020/2021 навучальнага года паведаміў прарэктар па вучэбнай рабоце іерэй Дзімітрый Каўрыга. Падчас абмеркавання дакладу мітрапаліт Веніямін заклікаў выкладчыкаў надаваць увагу прывіццю студэнтам цікавасці і стараннасці да вучобы. Асобная ўвага была нададзена пытанням метадалогіі выкладання царкоўных спеваў.

У дакладзе прарэктара па выхаваўчай рабоце чытальніка Сергія Думянкова былі асветлены найважнейшыя падзеі выхаваўчай накіраванасці першага семестра, а таксама вынікі дзейнасці курсавых настаўнікаў. Мітрапаліт Веніямін адзначыў, што інспектарская служба і ўсе выкладчыкі павінны арыентавацца на развіццё свядомасці будучых святароў. У зносінах са студэнтамі неабходна таксама знаходзіць залатую сярэдзіну, не ўпадаючы ў адчужанасць і панібрацтва. Падзякаваўшы Сяргею Сяргеевічу Думянкову за руплівую працу, мітрапаліт Веніямін адзначыў, што, паводле яго глыбокага пераканання, узначальваць выхаваўчую працу ў духоўнай школе павінен выкладчык у свяшчэнным сане. У сувязі з гэтым Патрыяршы Экзарх абвясціў указ аб вызваленні С. С. Думянкова ад пасады прарэктара па выхаваўчай працы і аб яго прызначэнні старэйшым памочнікам прарэктара па выхаваўчай працы. Прарэктарам па выхаваўчай рабоце прызначаны выкладчык іераманах Агафангел (Будзішын). Па запрашэнню ўладыкі мітрапаліта айцец Агафангел звярнуўся да членаў рады са словам вітання.

Загадчык аддзялення завочнага навучання дыякан Арцемій Кірко выступіў з дакладам аб паспяховасці і дысцыпліне студэнтаў аддзялення завочнага навучання ў першым семестры 2020/2021 навучальнага года.

Даклад аб выніках паспяховасці і паводзінах студэнтаў аддзялення царкоўных мастацтваў у першым семестры 2020/2021 навучальнага года прадставіла загадчыца аддзялення манахіня Варсанофія (Талатай). Характарызуючы асаблівасці адукацыйнага і выхаваўчага працэсу, манахіня Варсанофія падзялілася сваімі перажываннямі з нагоды ўплыву сучасных інтэрнэт-тэхналогій на навучэнцаў. Падчас абмеркавання дакладу ўладыка мітрапаліт звярнуў увагу на важнасць выкладання асноўных прынцыпаў рэстаўрацыі абразоў як для студэнтаў аддзялення царкоўных мастацтваў, так і, у базавым фармаце, для студэнтаў багаслоўска-пастырскага аддзялення.

Загадчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін протаіерэй Аляксандр Раманчук паведаміў аб абароне выпускных кваліфікацыйных работ бакалаўра багаслоўя выпускнікоў 2019/2020 навучальнага года Дыянісія Лаўрыновіча, Аляксандра Сегеня, Аляксандра Астаповіча і інакіні Алены (Дзмітрук). Праца апошняй атрымала асабліва высокую ацэнку па выніках абароны. Прафесар протаіерэй Сергій Гардун звярнуў увагу на важнасць выдання даследчых работ выкладчыкаў і студэнтаў па царкоўнай гісторыі Беларусі на беларускай мове.

Далей іерэй Дзімітрый Каўрыга прадставіў праект працоўнага календара і раскладу заняткаў на другі семестр 2020/2021 навучальнага года. Напярэдадні пасяджэння рады дадзеныя дакументы былі разасланы для азнаямлення ўсім выкладчыкам, а пасля непрацяглай дыскусіі прапанаваныя праекты былі зацверджаны.

Першы прарэктар іерэй Канстанцін Мачан у дакладзе «А б прызначэнні стыпендый студэнтам па выніках паспяховасці» прапанаваў мадыфікаваць прынцыпы прызначэння стыпендый з улікам вопыту вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, было прапанавана падзяліць студэнцкія стыпендыі на тры катэгорыі: мінімальная, сярэдняя і вышэйшая і вызначаць дадзеныя катэгорыі зыходзячы з сярэдняга бала паспяховасці за семестр. Члены рады пагадзіліся з прапанаванымі зменамі.

Сакратар Вучонай рады протадыякан Георгій Пшанко далажыў аб рашэннях Рэктарскіх нарад 27 кастрычніка, 27 лістапада, 3 снежня, 15 снежня і 24 снежня 2020 года. Затым былі разгледжаны просьбы і бягучыя пытанні.

Падводзячы вынік працы пасяджэння, протаіерэй Віктар Васілевіч падзякаваў уладыку Экзарху за ўдзел у працы рады і бацькоўскую ўвагу да духоўнай школы.

У заключным слове ўладыка мітрапаліт паведаміў аб тым, што рашэннем нарады архіерэяў Беларускай Праваслаўнай Царквы 19 лістапада 2020 года была ўтворана Камісія па аналізе і ўдасканаленню вучэбна-выхаваўчага працэсу ў духоўных навучальных установах Беларускай Праваслаўнай Царквы пад старшынствам епіскапа Лідскага і Смаргонскага Парфірыя. Камісіі даручана правесці ўсебаковую праверку дзейнасці духоўных школ. Ахарактарызаваўшы задачы дзейнасці камісіі, уладыка Экзарх звярнуў увагу на існуючыя недахопы ў дзейнасці духоўных навучальных устаноў і паведаміў аб магчымых шляхах іх пераадолення, а таксама аб перспектывах плённага супрацоўніцтва паміж навучальнымі ўстановамі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Па запрашэнні ўладыкі Экзарха епіскап Парфірый падзяліўся сваімі назіраннямі аб шляхах развіцця духоўнай адукацыі, зрабіўшы акцэнт на высокай каштоўнасці жыццёвага прыкладу выкладчыка.

Завяршылася праца радоты малітвай «Дастойна ёсць...».

Пасля трапезы з выкладчыкамі ўладыка мітрапаліт сустрэўся са студэнцтвам і прадставіў новага прарэктара па выхаваўчай працы іераманаха Агафангела (Будзішына).

МінДС / Сhurch.by