Мітрапаліт Веніямін выступіў на адкрыцці Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Гасподзь нам даруе Перамогу» ў Брэсце

22 чэрвеня 2021

top.jpg

22 чэрвеня 2021 года, у дзень Усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, выступіў на адкрыцці Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Гасподзь нам даруе Перамогу» ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце.

У рабоце канферэнцыі прымаюць удзел архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, навуковай супольнасці Беларусі і Расіі, праваслаўнае духавенства.

Канферэнцыя прысвечана актуалізацыі пытанняў духоўнасці і патрыятызму ў сучасным грамадстве на прыкладзе аналізу шэрагу значных гістарычных падзей — 800-годдзя з дня нараджэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, 755-годдзя ўкняжэння святога дабравернага князя Цімафея Даўмонта, 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і абнародавання «Паслання пастырам і пасомым Хрыстовай Праваслаўнай Царквы» месцазахавальніка Патрыяршага прастола мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага Сергія.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы падкрэсліў, што названыя ў праблемным полі канферэнцыі імёны і даты важныя для ўсіх усходніх славян і цесна звязаны з гісторыяй Праваслаўя на беларускіх землях. Яны нагадваюць нам аб тых выпрабаваннях, якія выпалі на долю нашых народаў, выклікаюць глыбокую павагу да нашых продкаў, якія здолелі адстаяць сваю свабоду, захаваць веру і культурную самабытнасць.

Па словах Патрыяршага Экзарха, мы жывём у эпоху глабальных цывілізацыйных зрухаў. Кардынальныя змены адбываюцца ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці.

«Сёння кожны з нас абавязаны зрабіць усвядомлены выбар таго, што мы павінны зберагчы і ўзяць з сабой у будучыню, — заклікаў уладыка Экзарх. — Але вызначыўшы гэтыя арыенціры, мы не маем права заставацца пасіўнымі. Трэба не толькі ўсведамляць свае каштоўнасці, прытрымлівацца іх, умець іх адстойваць, але і быць здольнымі перадаць гэтыя каштоўнасці будучым пакаленням».

Гэта, па словах Прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы, ставіць цэлы комплекс сур'ёзных задач перад дзяржавай, грамадствам, Царквой, якія немагчыма вырашыць без прыцягнення гуманітарнай навукі. Абарона гістарычнай памяці, традыцыйных каштоўнасцяў, іх папулярызацыя, забеспячэнне ўмоў для іх трансляцыі ў будучыню — у гэтым бачыцца нарастаючая роля навуковых ведаў, што вызначае і мэты канферэнцыі.

Адной з тэм канферэнцыі стала «Пасланне пастырам і пасомым Хрыстовай Праваслаўнай Царквы», прамоўленае месцазахавальнікам Патрыяршага прастола мітрапалітам Маскоўскім і Каломенскім Сергіем (Страгародскім) у самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У сувязі з гэтым мітрапаліт Веніямін адзначыў, што «Пасланне» было першым заклікам да народа ўстаць на абарону сваёй Радзімы ад іншаземнага ворага пад сцягам праваслаўнай веры, якая многія стагоддзі падымала народ на абарону Айчыны.

«Гэта вельмі важны духоўны і гістарычны факт. Мы памятаем, што і перамога ў Вялікай Айчыннай вайне была здабытая дзякуючы духоўнаму адраджэнню, мабілізацыі духоўных сіл народа», — акцэнтаваў увагу мітрапаліт Веніямін.

У сваім выступленні мітрапаліт Веніямін выказаў словы падзякі рэктару Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Бахановічу Аляксандру Генадзевічу і ўсяму калектыву ВНУ за гатоўнасць узяць на сябе задачу арганізацыі канферэнцыі і выкананне важнай місіі інтэграцыі навукі з адукацыйнай практыкай. Таксама архіпастыр падзякаваў Высокапрэсвяшчэннаму архіепіскапу Брэсцкаму і Кобрынскаму Іаану за актыўную падтрымку гэтай ініцыятывы, кіраўніцтва Брэсцкай вобласці, Расійскага цэнтра навукі і культуры ў горадзе Брэсце, Цэнтра еўразійскіх даследаванняў філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў горадзе Мінску за аказанае садзейнічанне.

«Сёння жыццё прад'яўляе новыя выклікі, што заахвочвае нас да згуртавання і цеснага супрацоўніцтва. Варта захоўваць у памяці тое, што нашы народы разам атрымалі вялікую перамогу, разам прайшлі праз нягоды пасляваеннага аднаўлення. Зараз робяцца спробы падзяліць наш народ, пасварыць брацкія народы, супрацьпастаўляючы адзін аднаму. Для разумення як правільна пераадольваць цяжкасці і выпрабаванні, якія ўстаюць перад намі, варта звярнуцца да слоў Збавіцеля: «Гэта сказаў Я вам, каб вы ўва Мне мір мелі; у свеце го́ра зазна́еце, але мужа́йцеся: Я перамо́г свет» (Ін. 16:33). Толькі з Богам мы можам здабыць мір. Толькі Ён дапаможа нам захаваць мужнасць і пераадолець усе выпрабаванні і далей жыць у міры і па праўдзе Божай», — завяршыў выступленне Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы.

У завяршэнне Ён пажадаў удзельнікам форуму, каб па малітвах святых Аляксандра Неўскага і Даўмонта Пскоўскага Гасподзь натхняў іх у навуковай і асветніцкай працы, а цяперашні форум паслужыў міру і росквіту нашых брацкіх народаў.

Сярод арганізатараў канферэнцыі — Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Беларуская Праваслаўная Царква, Брэсцкая епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, Расійскі цэнтр навукі і культуры (горад Брэст), Цэнтр еўразійскіх даследаванняў філіяла Расійскага сацыяльнага гуманітарнага ўніверсітэта ў горадзе Мінску. 

Church.by

Фотарэпартаж