Мітрапаліт Веніямін выступіў з лекцыяй перад супрацоўнікамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

19 мая 2021

top.jpg

18 мая 2021 года адбыўся візіт мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Падчас візіту, прымеркаванага да 100-годдзя ВНУ, прайшла сустрэча Прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы з рэктарам Белдзяржуніверсітэта Андрэем Каралём, падчас якой бакі абмеркавалі далейшае развіццё ўзаемаадносін паміж БПЦ і БДУ.

Па запрашэнні рэктара Патрыяршы Экзарх таксама наведаў абноўленую экспазіцыю ўніверсітэцкага Музея землязнаўства. Высокаму госцю прадэманстравалі экспазіцыю, якая распавядае аб мінеральна-сыравіннай базе Беларусі, калекцыі розных мінералаў, прадставілі лабараторыю, у якой студэнты вывучаюць фізічныя і хімічныя ўласцівасці парод, праводзяць работы па іх вызначэнні.

Цэнтральнай падзеяй візіту стала выступленне Патрыяршага Экзарха з лекцыяй перад студэнтамі і супрацоўнікамі БДУ. У сваім звароце да аўдыторыі мітрапаліт Веніямін падзяліўся разважаннямі аб тым, як у сучасным свеце суседнічаюць і ўзаемадзейнічаюць вера і розум, малітва і навуковая творчасць.

«Для мяне гэтыя разважанні носяць глыбока асабісты характар. Больш чвэрці стагоддзя назад я стаў студэнтам тады адзінага ўніверсітэта ў краіне, пачаўшы спасцігаць у ім азы радыёфізікі і электронікі. У гэтым была нейкая доблесць, узвышанае чаканне таго, што я ўступаю ў шэрагі інжынераў, якія справай змогуць паслужыць радзіме», — распавёў Патрыяршы Экзарх. Ён адзначыў, што з удзячнасцю ўспамінае гады ўніверсітэцкага жыцця, выкладчыкаў, якія заклалі навыкі даследчай працы, здольнасць ставіць задачы і вырашаць праблемы. «Гэта паважаныя Бортнік Міхаіл Васільевіч, Пасноў Мікалай Эдуардавіч і іншыя выкладчыкі. Яны дапамагалі нам сфарміраваць шырокі кругагляд і ўніверсальнасць ведаў, сістэмнасць мыслення, імкненне да самаразвіцця, нацэленасць на пошук ісціны, прывівалі працавітасць і гатоўнасць браць адказнасць не толькі за сваё жыццё і дабрабыт, але і працаваць на карысць краіны. А гэта і ёсць тая звышзадача, якую заклікана вырашаць універсітэцкая адукацыя», — падкрэсліў архіпастыр.

Распавядаючы пра ролю ўніверсітэта ў жыцці краіны, выхавання нацыянальнай эліты, мітрапаліт Веніямін нагадаў, што першыя ўніверсітэты ствараліся пры буйных духоўных цэнтрах, манастырах. І іх задачай была не простая перадача ведаў, а зацвярджэнне сістэмы каштоўнасцяў хрысціянскага свету, забеспячэнне пераемнасці, вырошчванне духоўнай эліты. Менавіта гэта было звышмісіяй сярэднявечнага ўніверсітэта. З'яўленне класічнага ўніверсітэта, дзе адукацыйны працэс цесна звязаны з ажыццяўленнем даследчай, навуковай дзейнасці, захавала гэтую мэту. Універсітэт узяў на сябе задачу вызначэння новай парадыгмы светабудовы, стаў выразнікам каштоўнаснага крэда нацыі, развіцця яе духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу.

«Мне бачыцца, што нашы традыцыйныя каштоўнасці абавязкова павінны знайсці адлюстраванне і ў змесце адукацыі сучаснага ўніверсітэта, у тэхналогіях і арганізацыі адукацыйнай дзейнасці і ў тых кампетэнцыях, якія вызначаюць узровень і якасць падрыхтоўкі спецыяліста. Не думаю, што яны будуць перашкаджаць інтэнсіўнасці і якасці працы, фарміраванню адказнасці і прадпрымальніцкіх якасцяў будучага спецыяліста», — выказаў меркаванне ўладыка Экзарх. І падкрэсліў, што каштоўнасці любові, міласэрнасці, служэння людзям, Айчыне не састарваюцца. Яны вечныя. А дасягненні навукі, прагрэсу не павінны быць самамэтай. Яны з'яўляюцца толькі інструментам у рэалізацыі гэтых каштоўнасцяў. Бо сёння, як і тысячы гадоў таму, нягледзячы на сучасныя выгоды і камфорт, перад чалавекам з усё той жа вастрынёй стаяць адвечныя пытанні пра сэнс чалавечага жыцця, пра дабро, пра праўду, пра любоў.

Закранаючы тэмы глабалізацыі і іншых выклікаў сучаснасці, архіпастыр адзначыў што, адмаўляючы Бога і рэлігійны светапогляд, свядомасць найноўшага часу адхіляе найважнейшыя хрысціянскія паняцці, падмяняючы іх вонкава падобнымі, але процілеглымі па сутнасці сваёй сурагатамі. «Зацвярджаюцца крайні індывідуалізм, ідэалогія раз'яднанага, атамізаванага грамадства», — канстатаваў архіпастыр.

Каб не дапусціць падзення ў прорву расчалавечвання, навуковай супольнасці неабходная апора на спадчыну хрысціянскай цывілізацыі, на тыя высокія патрабаванні, якія яна прад'яўляе да асобы.

«У гэтым мы бачым абгрунтаванне адзінства навуковага пазнання, які раскрывае законы матэрыяльнага свету, і рэлігійнага светапогляду, які надае сэнс чалавечаму быццю. У гэтым — і перспектыва развіцця супрацоўніцтва ўніверсітэта і Царквы. Такі падыход дазволіць дасягнуць поспеху як у навуковым пошуку, так і ў духоўным дзеянні», — даў наказ Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы і пажадаў выкладчыкам і студэнтам, каб разам з уласцівай ім прагай пазнання, іх не пакідала імкненне да атрымання Любові, якая была яўлена нам Госпадам нашым Іісусам Хрыстом.

Завяршылася выступленне зносінамі з удзельнікамі лекцыі. Іх цікавілі перыяд студэнцтва мітрапаліта Веніяміна на факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ, пытанні фарміравання хрысціянскіх каштоўнасцяў у моладзі і іншыя актуальныя праблемы.

Church.by

Фотарэпартаж