«Моладзевая субота»: Бажэственная літургія, гутаркі і сяброўскія зносіны

02 лістапада 2020

top.jpg

Першая «Моладзевая субота» прайшла ў Свята-Лізавецінскім манастыры 31 кастрычніка. «Моладзевая субота» — гэта сумесная ініцыятыва Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Свята-Лізавецінскага манастыра. Благаславіў гэтае пачынанне мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Цікавай і пастаяннай асаблівасцю такіх богаслужэнняў будзе народны спеў — калі замест хору спяваюць прыхаджане. Арганізатары ўпэўненыя, што гэта дапаможа маладым людзям быць не «гледачамі», а актыўнымі ўдзельнікамі таго, што адбываецца.

На першай такой Літургіі юнакі і дзяўчаты з цікавасцю — хоць і не без намаганняў — стараліся паглыбіцца ў тэксты спеваў і ўбудавацца ў шматгалосы «народны хор». Атрымлівалася ў іх гэта, можа быць, пакуль не вельмі ўпэўнена, але сапраўды ад душы!

Адслужылі Бажэственную літургію ў гэты дзень протаіерэй Андрэй Лемяшонак, духаўнік манастыра, іерэй Мікалай Шульмін, старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі, а таксама яго намеснік, іерэй Дзімітрый Баўкуновіч.

13355.jpg

Пасля богаслужэння айцец Мікалай выказаў падзяку абіцелі за водгук і супрацоўніцтва ў гэтым дабрым кірунку: «Я хачу падзякаваць айцу Андрэю за тое, што адкрыў для гэтай ініцыятывы не толькі дзверы абицелі, але і сваё сэрца».

Наступным «раздзелам» гэтага суботняга дня была сустрэча-гутарка з духаўнікам абіцелі. Протаіерэй Андрэй Лемяшонак, звяртаючыся да маладых людзей, падкрэсліў, што вельмі важна для хрысціяніна па-сапраўднаму ўпусціць Хрыста ў сваё жыццё:

— Вельмі хацелася б, каб мы вызначылі для сябе галоўную мэту. Калі гэта Хрыстос — то ўсё астатняе нам трэба падпарадкоўваць гэтаму. І калі гэтая галоўная мэта ў нас ёсць, то, што б ні здарылася, мы застанемся з Богам. І ён будзе дапамагаць нам у гэтым.

Пасля гутаркі прысутныя прынялі ўдзел у інтэлектуальных гульнях, правяраючы і папаўняючы свае веды аб праваслаўнай веры.

13366.jpg

— Цэнтральная падзея нашых мерапрыемстваў — гэта, вядома, Бажэственная Літургія — адзначае іерэй Мікалай Шульмін. — Каб мы ўсе, як вялікая сям'я, былі сабраныя вакол Чашы Хрыстовай. Вядома, трэба будзе яшчэ многае — мы хацелі б, каб у нас былі канцэрты, і, можа быць, напрыклад, майстар-класы. Адным словам, каб мы не толькі разам маліліся, але і змястоўна праводзілі час.

І яшчэ вельмі важна, каб мы заўсёды былі сапраўднымі. Наша задача — быць і заставацца шчырымі. Не толькі гаварыць аб Хрысце, але і будаваць сваё жыццё на запаведзях Хрыстовых. Не толькі казаць пра праўду, але і жыць па праўдзе, каб быць сапраўднымі носьбітамі Хрыстовай веры.

Больш фота — на сайце манастыра. 

Анастасія Марчук

Church.by