Музыка Вялікай Перамогі гучыць у выкананні невідушчых артыстаў
09 мая 2017Напярэдадні Дня Перамогі, 7 мая, у прыходзе храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска ў горадзе Мінску прайшла прэзентацыя творчых сустрэч «Музыка Вялікай Перамогі».
Чарада святочных канцэртных вечароў пад агульнай назвай «Майскія сустрэчы ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска "Музыка Вялікай Перамогі"» пройдзе ў маі на творчых пляцоўках горада.
Гэтыя мерапрыемствы падрыхтаваны намаганнямі невідушчых артыстаў.
Валянцін Станкевіч, Вольга Патрый, Павел Паўлаў, Вікторыя Літвінка і Юрый Каскоўскі на канцэртах выканаюць любімыя ваенныя песні: «Дзень Перамогі», «Смуглянка», «Кацюша», «Цёмная ноч» і шмат іншых.
— Заўсёды, калі выконваю песні ваенных гадоў, адчуваю ўнутры дрыжыкі і хочацца плакаць, — кажа адна з невідушчых выканаўцаў.
Цікавыя факты з гісторыі Рускай Праваслаўнай Царквы ў час Вялікай Айчыннай вайны распавядае на канцэртах Павел Паўлаў. Ён невідушчы ад нараджэння, прысвяціў сваё жыццё тэалагічнай навуцы. Павел Паўлаў скончыў Пачаеўскую духоўную семінарыю, а ў цяперашні момант завяршае навучанне ў Кіеўскай духоўнай акадэміі.
Не пакідае ў зале абыякавых папуры з франтавых песень невідушчага музыкі Валянціна Станкевіча. Пасля заканчэння школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку ў горадзе Гродне ён скончыў Гродзенскі каледж мастацтваў і цяпер вучыцца ў Расійскай дзяржаўнай спецыялізаванай акадэміі мастацтваў.
Блок песень аб салдацкіх маці невідушчай беларускай паэткі, кампазітара і спявачкі Вольгі Патрый прымушае залу задумацца аб мацярынскай ахвярнасці.
Як адзначыў іерэй Дзімітрый Ворса, настаяцель храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі, у праекце «Музыка Вялікай Перамогі» гучаць самыя вядомыя песні ваенных гадоў.
Музычным сімвалам, з якім асацыіруецца 9 мая, з'яўляецца песня «Дзень Перамогі», напісаная на вершы ўдзельніка той вайны Уладзіміра Харытонава. «Кацюша» — песня, якую на вайне ведаў кожны баец. Яна была створана ў перадваенны час і ўпершыню загучала ў выкананні Валянціны Бацішчавай 27 лістапада 1938 года. Адна з самых лірычных песень вайны «Цёмная ноч» была напісана для фільма «Два байца» паэтам Уладзімірам Агатавым і кампазітарам Мікітам Багаслоўскіх у 1943 годзе.
Гэтыя песні ведаюць усе, яны любімыя людзьмі самых розных пакаленняў. Зала падхоплівае спеў з першай песні і спявае іх разам з сляпымі артыстамі на працягу ўсяго канцэрту.