На факультэце міжнародных адносін БДУ адбылося адкрыццё аўдыторыі імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева)

18 сакавіка 2023

04-ATV04655.jpg

17 сакавіка 2023 года на факультэце міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося ўрачыстае адкрыццё аўдыторыі, прысвечанай першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, Герою Беларусі мітрапаліту Філарэту. Таксама ва ўстанове арганізавана выстава кніжных выданняў і фатаграфій, прысвечаная памяці іерарха.

Удзельнікамі цырымоніі сталі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, настаяцель прыхода храма святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага горада Мінска протаіерэй Мікалай Коржыч, рэктар Інстытута тэалогіі БДУ протаіерэй Сергій Маўсясян, рэктар БДУ Андрэй Кароль, першы прарэктар Дзмітрый Курловіч, дэкан ФМА Алена Дастанка, супрацоўнікі і студэнты ВНУ.

З уступным словам да ўдзельнікаў падзеі звярнуўся Мітрапаліт Веніямін. «Адкрыццё імянной аўдыторыі звяртае ўвагу нашага студэнцтва на выдатнага чалавека, Героя Беларусі і першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта, які шмат зрабіў на полі міжнацыянальных і міждзяржаўных сувязяў. Яго прыклад служэнню Богу і людзям, служэння дабру можа быць вельмі карысным сучасным студэнтам. Прадстаўленыя фатаграфіі будуць асновай для работ студэнтаў, каб лепш зразумець, як уладыка Філарэт дасягаў такіх вынікаў і ў чым быў сакрэт яго дыпламатычнага падыходу. Некаторыя моманты з жыцця і працы мітрапаліта Філарэта несумненна павінны трансліравацца ў сучаснае жыццё, развівацца і прыносіць добры плён», – падкрэсліў уладыка Веніямін.

Як адзначыў рэктар Андрэй Кароль, адкрыццё аўдыторыі імя мітрапаліта Філарэта на факультэце міжнародных адносін невыпадковае. Уладыка шмат зрабіў для развіцця міжканфесійных, міжцаркоўных сувязяў, доўгі час узначальваў Аддзел знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату. Пры яго кіраўніцтве значна актывізавалася супрацоўніцтва духавенства Беларусі з замежнымі арганізацыямі і рэлігійнымі дзеячамі. Ён з'яўляецца ганаровым прафесарам універсітэта, быў рэктарам Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, шмат размаўляў са студэнтамі. «Уклад гэтай выдатнай асобы нашага часу неацэнны. Асабліва ў сённяшняе гістарычнае імгненне, калі бурны тэктанічны злом свету ўвесь час ссоўвае акцэнт з сістэмы каштоўнасцяў і сэнсаў на сістэму хуткасцяў. У гэтай сітуацыі непазбежна з'яўляецца дыстанцыя паміж чалавекам і духоўна-маральным светам. Уладыка Філарэт гэтую дыстанцыю скарачаў і вяртаў грамадства да ўзаемаразумення і мірнага суіснавання», – адзначыў Андрэй Кароль.

Пасля адкрыцця імянной аўдыторыі адбылася сустрэча Мітрапаліта Веніяміна са студэнтамі і супрацоўнікамі факультэта. У завяршэнне мерапрыемства ўладыка перадаў факультэту кнігі аўтарства мітрапаліта Філарэта і пакінуў запіс у памятнай кнізе БДУ. Патрыяршы Экзарх даў наказ, каб прыклад уладыкі Філарэта дапамагаў будучым дыпламатам узрастаць не толькі прафесійна, але маральна і духоўна, без чаго немагчыма сапраўднае служэнне сваёй Айчыне.

***

Першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт (у свеце Вахрамееў Кірыл Варфаламеевіч) з 10 кастрычніка 1978 па 25 снежня 2013 года з'яўляўся Прадстаяцелем Беларускай Праваслаўнай Царквы. З 2004 па 2014 год быў рэктарам Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ.

Асаблівы бок жыцця мітрапаліта быў прысвечаны міжканфесійнаму і міжрэлігійнаму дыялогу. Міжрэлігійны мір у Беларусі — гэта, далёка не ў апошнюю чаргу, заслуга ўладыкі. Мітрапаліт Філарэт ініцыіраваў правядзенне шматлікіх навуковых канферэнцый, багаслоўскіх дыскусій і сустрэч для вырашэння сацыяльна значных праблем для беларускага народа.

У 2006 годзе ўладыка быў удастоены звання Героя Беларусі «за шматгадовы асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа, умацаванне дружбы і братэрскіх сувязяў паміж народамі, развіццё міжканфесійнага дыялогу». Мітрапаліт Філарэт быў узнагароджаны ордэнамі Айчыны III ступені, Дружбы народаў, Пашаны, Францыска Скарыны, шэрагам іншых узнагарод, у тым ліку замежных.

Пахаваны Мітрапаліт Філарэт на малых брацкіх могілках Свята-Успенскага Жыровіцкага мітрапалічага манастыра.

bsu.by/Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники

Фотарэпартаж