На магіле мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) запалілі лампаду ад вернікаў Беларусі
03 снежня 2018Напярэдадні 150-годдзя з дня скону мітрапаліта Віленскага і Літоўскага Іосіфа (Сямашкі; † 06.12.1868) па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, дэлегацыя Гомельскай епархіі на чале са старшынёй Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы архімандрытам Амвросіем (Шаўцовым) наведала Свята-Духаў сабор аднайменнага мужчынскага манастыра горада Вільні, у крыпце якога знаходзіцца магіла незабыўнага архіпастыра.
3 снежня члены дэлегацыі — архімандрыт Амвросій (Шаўцоў) і старшыня інфармацыйнага аддзела Гомельскай епархіі протаіерэй Алег Кастрама — саслужылі за Бажэственнай літургіяй мітрапаліту Віленскаму і Літоўскаму Інакенцію. Таксама ў богаслужэнні прынялі ўдзел сакратар Віленска-Літоўскай епархіі протаіерэй Віталь Моцкус і духавенства Віленска-Літоўскай епархіі.
Ад імя архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана мітрапаліту Інакенцію былі перададзены памятныя падарункі.
Па заканчэнні богаслужэння архімандрыт Амвросій (Шаўцоў) перадаў літоўскаму боку лампаду — дар, які сімвалізуе падзяку праваслаўных хрысціян Беларусі архіерэю-ўз'яднальніку. Лампада была ўсталявана на магіле мітрапаліта Іосіфа.