Пачаў работу ІІІ Міжнародны мастацкі пленэр «Святасць зямлі Беларускай»
06 чэрвеня 201830 мая 2018 года ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна па благаславенню епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла адбылося ўрачыстае адкрыццё ІІІ Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі Беларускай», прысвечанага памяці блажэннай Валянціны Мінскай і Году малой радзімы ў Беларусі.
Малебен перад пачаткам добрай справы ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Станькава ўзначаліў епіскап Павел. Пасля заканчэння набажэнства Яго Праасвяшчэнства звярнуўся да ўдзельнікаў пленэру з архіпастырскім словам і благаславіў іх на паспяховую працу.
Затым майстры пэндзля наведалі месца спачыну святой блажэннай Валянціны Мінскай, дзе прасілі дапамогі і малітоўнага заступніцтва святой.
Асноўная праграма пленэра пачалася 31 мая з правядзення круглага стала «Царква і культура» з удзелам творчых суполак; выкладчыка кафедры царкоўнай гісторыі МінДС, члена рэдкалегіі духоўна-маральнай газеты «Воскресение» іерэя Аляксія Хацеева; доктара мастацтвазнаўства, прафесара кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ларысы Густавай.
Таксама мастакі наведалі ДУ «Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця».
Завершыцца работа пленэру 9 чэрвеня ў Палацы культуры Маладзечна.