Адбылося пазачарговае пасяджэнне Сінода Беларускага Экзархату
13 студзеня 2021Пасяджэнне Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы праходзіць у Мінскім епархіяльным упраўленні. Пачалося яно служэннем памінальнай ліціі, якую старшыня Сінода мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў у дамавым храме ў гонар Усіх Беларускіх святых. Звяртаючыся да членаў Сінода з кароткім словам, уладыка Веніямін адзначыў, што менавіта ў гэтым храме, які асабліва любіў нябожчык, 14 снежня 2020 года, у дзень тэзаімянінаў мітрапаліта Філарэта, адбылася апошняя сустрэча з Ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Гасподзь заклікаў да Сабе ўладыку ў святыя калядныя дні, і смутак асірацелай беларускай паствы раствараецца ўрачыстасцю свята і спадзяваннем на міласць Спасіцеля нашага да Свайго вернага служыцеля.
У Сінадальнай зале епархіяльнага ўпраўлення мітрапаліт Веніямін папярэдзіў пасяджэнне Сінода паведамленнем для царкоўных і свецкіх СМІ аб маючым адбыцца парадку дня. Сінод разгледзіць завяшчанне новаспачылага мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), падпісанае ім 18 лістапада 2012 года і адрасаванае членам Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы, і пытанні арганізацыі развітання з памерлым у Мінску і пахавання ў Жыровічах.
Уладыка мітрапаліт адзначыў, што на адрас Экзарха і Сінода паступілі спачуванні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, Блажэннейшага мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы, Мітрапаліта Усходне-Амерыканскага і Нью-Ёркскага Іларыёна, многіх архіпастыраў Рускай Праваслаўнай Царквы, у тым ліку мітрапаліта Кацярынадарскага і Кубанскага Паўла, кіраўнікоў дыпламатычных місій, дзяржаўных структур Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, міждзяржаўных органаў СНД, а таксама грамадскіх і рэлігійных арганізацый.