Настаяцельніца Беразвецкага жаночага манастыра ў гонар Архістратыга Божага Міхаіла горада Глыбокае ігумення Міхаіла (Суровцева) ўдастоена звання «Чалавек года Віцебшчыны-2022»

20 лютага 2023

top.jpg

17 лютага 2023 года ў Віцебску прайшло ўрачыстае мерапрыемства, на якім былі аб'яўлены лаўрэаты звання «Чалавек года Віцебшчыны-2022». Ад Глыбоцкага раёна звання ўдастоена ігумення Беразвецкага жаночага манастыра ў гонар Архістратыга Божага Міхаіла горада Глыбокае ігумення Міхаіла (Сураўцава). Яе руплівасцю ў 2022 годзе на тэрыторыі манастыра было завершана ўзвядзенне храма ў гонар Архістратыга Божага Міхаіла.

Узнагароду ігуменні Міхаіле ўручыў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін.

На падставе рашэння Віцебскага аблвыканкама №64 ад 9 лютага 2023 года ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны» прысвоена ў пяці намінацыях 50 жыхарам Прыдзвінскага краю.

***

З XVII стагоддзя ў Глыбокім існаваў знакаміты Беразвецкі манастыр. Аднак у гады савецкай улады яго зачынілі. Жылыя карпусы доўгі час выкарыстоўваліся ў якасці турмы, а сабор быў разбураны ў 1960 годзе. Беразвецкі Свята-Міхайлаўскі жаночы манастыр у Глыбокім пачаў адраджацца праз 44 гады за кіламетр ад таго месца, дзе ён знаходзіўся раней.

У 2004 годзе ў Беразвеччы з Полацкага Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра прыехала 7 сясцёр на чале з матушкай Анфісай (Шэвярдзяевай), якую прызначылі настаяцельніцай адроджанай абіцелі. У студзені 2007 года было скончана будаўніцтва храма ў гонар свяціцеля Ціхана Задонскага. 2011 год адзначыўся вяртаннем цудатворнага абраза вялікамучаніка і цаліцеля Панцеляімана, напісанага ў 1912 годзе на святой гары Афон для Беразвецкай абіцелі. Паступова наладзілася богаслужэбнае і працоўнае жыццё манастыра.

Галоўным храмам манастыра была царква ў гонар свяціцеля Ціхана Задонскага, аднак з часам яна перастала змяшчаць усіх прыхаджан. Менавіта таму ў 2015 годзе было пачата будаўніцтва яшчэ аднаго храма ў гонар Архістратыга Божага Міхаіла.

DSCN0328.jpg

10 мая 2018 года памерла першая настаяцелька абіцелі - ігумення Анфіса, якая шмат папрацавала ў адраджэнні не толькі Беразвецкай, але і Полацкай абіцелі. Праз год у сан ігуменні была ўзведзена манахіня Міхаіла, родная пляменніца матушкі, якая дапамагала ёй апошнія гады ў кіраванні манастыром.

vg-gazeta.by/Полацкая епархія/Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,

сацсетках InstagramВКонтакте,

Facebook і Одноклассники