Абвешчаны адкрыты конкурс на стварэнне помніка мітрапаліту Філарэту ў Мінску
24 чэрвеня 2021Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Беларуская Праваслаўная Царква аб'явілі адкрыты конкурс на стварэнне помніка мітрапаліту Філарэту (Вахрамееву; 1935-2021), першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, Герою Беларусі.
Мяркуецца, што помнік усталююць у Мінску на плошчы Свята-Духава кафедральнага сабора. Гэты старадаўні храм у гістарычным цэнтры сталіцы быў пастаянным месцам служэння мітрапаліта Філарэта з моманту прыбыцця Яго Высокапраасвяшчэнства ў Беларусь у 1978 годзе.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю.
Тэрміны правядзення конкурсу — чэрвень-жнівень 2021 года.
Падрабязная інфармацыя аб умовах удзелу апублікавана на сайце Упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Журы разгледзіць конкурсныя работы да 15 верасня 2021 года.
Сустаршыні журы — Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін і старшыня Мінскага гарадскога мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Зінкевіч. Сярод членаў журы — епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, асабісты сакратар мітрапаліта Філарэта ў 2010-2021 гадах.