Зварот Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў сувязі з ускладненнем эпідэміялагічнай сітуацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь [+відэа]

09 кастрычніка 2021

v.jpg

Дарагія ў Госпадзе высокашаноўныя айцы,

пачэсныя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

 

Звярнуцца да ўсіх Вас мяне прымушае няпростая эпідэміялагічная сітуацыя, трывожныя навіны аб значным ліку выпадкаў захворвання каронавірусам, смяротных вынікаў хваробы.

Вядома, чалавек прывыкае да ўсяго, у тым ліку і да пагражаючай яму небяспекі. Аднак, як мы не маем права прывыкаць да граху, так нам нельга аслабляць клопат пра сваё здароўе і здароўе сваіх блізкіх. Бо здароўе — гэта дар Божы, аб правільным і разумным выкарыстанні якога, разам з іншымі талентамі, нам належыць даць адказ. І як не варта аддавацца нудоце і страху, забываць пра Волю Божую і клопат аб кожным чалавеку, так небяспечныя сёння бестурботнасць, грэбаванне санітарнымі нормамі.

Хвароба ад таго, што да яе прывыклі, не становіцца бясшкоднай. Але, наадварот, аслабіўшы ўвагу, мы становімся больш безабароннымі перад ёй. Мне часта даводзіцца наведваць бальніцы, пастаянна мець зносіны з урачамі, таму я магу засведчыць, што сітуацыя на дадзены момант вельмі няпростая.

Усё гэта з'яўляецца для хрысціяніна, у першую чаргу, стымулам узмацніць малітву: і дамашнюю, і агульнацаркоўную. Зварот да Госпада, чытанне Свяшчэннага Пісання, удзел у таінствах, усвядомленае духоўнае жыццё павінны быць асновай нашага супрацьстаяння любым выпрабаванням.

Спакон веку нашы продкі падчас хвароб і эпідэмій узмацнялі духоўны складнік свайго жыцця. Усё гэта прыцягвала благадаць Божую і адводзіла бедства.

Пры гэтым не варта забываць аб мерах, якія зніжаюць рызыку распаўсюджвання захворвання і могуць засцерагчы нас і нашых блізкіх. Дарэчы ўспомніць словы Спасіцеля: «Не спакушай Госпада Бога твайго» (Мф. 4:7). Бо далёка не кожны з нас можа сказаць услед за апосталам Паўлам: «Хо́чацца адысцí з жыцця́ і быць з Хрыстом» (Філ. 1: 23), а значыць і не гатовы з духоўнага пункту гледжання да пераходу ў вечнасць.

Усім нам неабходна ўважліва і адказна ставіцца да санітарных патрабаванняў, якія засцерагаюць хрысціяніна ад марнай рызыкі, бестурботнага стаўлення да здароўя як у прыватным жыцці, так і пры наведванні грамадскіх месцаў.

У гэтыя дні асаблівая нагрузка ляжыць на ўрачах, якія самааддана змагаюцца з захворваннем, ратуючы тысячы жыццяў нашых суграмадзян. Будзем памятаць, што бестурботнасць і абыякавасць могуць стаць прычынай перагружанасці сістэмы аховы здароўя. Задумаемся над тым, што, захоўваючы сёння сваё здароўе, кожны з нас не адцягвае клопат урачоў на сябе і тым самым дае магчымасць урачам выратаваць жыццё таму чалавеку, які ўжо апынуўся на бальнічным ложку, палягчае працу лекараў, вызваляе ад дадатковай нагрузкі рэсурс сваёй бальніцы.

Заклікаю настаяцеляў храмаў і манастыроў: звярніце асаблівую ўвагу на абавязковасць прытрымлівання рэкамендацый па папярэджанню распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі, якія ўтрымліваліся ў раней выдадзеных цыркулярных лістах, неабходнасць тлумачэнняў і ўгаворвання вернікаў да захавання дадзеных мер.

У выпадках пагаршэння сітуацыі на месцах благаслаўляецца ўвядзенне дадатковых супрацьэпідэмічных мер, прадугледжаных Міністэрствам аховы здароўя.

Таксама варта паўсюдна ў храмах і манастырах Беларускай Праваслаўнай Царквы штодня здзяйсняць звон у званы паводле раней устаноўленага парадку (12 удараў у вялікі звон, пасля чаго на працягу 10 хвілін здзяйсняць тразвон ва ўсе званы). Звон багаслаўляецца здзяйсняць штодня ў 12:00 і 15:00.

Дарагія браты і сёстры, 14 кастрычніка мы сустрэнем свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Паклічам Маці Божую абараніць нас ад хвароб, для чаго прапануецца 11-13 кастрычніка здзейсніць трохдзённы пост з штодзённым хатнім чытаннем канона Багародзіцы, які спяваееца ва ўсякім смутку і нягодах, а ў сам дзень свята пасля заканчэння Бажэственнай літургіі здзейсніць малебен Багародзіцы за хварэючых і ўрачоў.

Хрысціянін — гэта высокае званне. І быць вучнямі Хрыста мы павінны не толькі ў храме падчас богаслужэння. Будзем жа ўважлівыя і адказныя. Пастараемся рабіць усё магчымае, каб захаваць сваё жыццё і здароўе, дапамагчы гэта зрабіць акаляючым нас людзям.

Малітоўна жадаю ўсім Божага блаславення, веры і надзеі, добрага здароўя і духоўных сіл на пераадоленне спасцігшага нас выпрабавання.

+ Веніямін,
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі