Каля 4 тысяч чалавек прыняло ўдзел у маштабнай спартыўнай падзеі «Манастырскі забег» у Жыровічах, прысвечанай 1030-годдзю Праваслаўя на беларускіх землях

23 мая 2022

top.jpg

22 мая 2022 года ў Жыровічах прайшла маштабная спартыўная падзея — «Манастырскі забег», арганізаваны Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі на чале з яе старшынёй Іванам Ціханам. «Манастырскі забег» быў прымеркаваны да святкавання 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях, а таксама да 30-годдзя адраджэння Навагрудскай епархіі і 75-годдзя першага адраджэння Мінскай духоўнай семінарыі. Па дадзеных федэрацыі, удзел у забегу прыняло каля 4 тысяч чалавек. Удзельнікі забегу пераадолелі па свайму выбару дыстанцыі працягласцю 3, 10 і 26 кіламетраў, а на фінішы ўсіх чакалі заслужаныя медалі.

Суарганізатарам марафону, па благаславенню архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя, выступіла Навагрудская епархія.

Удзел у забегу на розныя дыстанцыі з боку Беларускай Праваслаўнай Царквы прынялі святары Навагрудскай епархіі, удзельнікі моладзевага клуба «Сімфонія» пры Свята-Троіцкім саборы горада Слоніма, студэнты Мінскай духоўнай семінарыі.

Пасля агульнай малітвы і прывітальнага слова сакратара Навагрудскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэя Дзімітрыя Сёмухі забег стартаваў у цэнтры Жыровічаў каля Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра. Замест стартавага сігналу прагучаў святочны звон званоў. Пасля сігналу старту святары акраплялі ўдзельнікаў забегу святой вадой, а затым рушылі ўслед за імі хрэсным ходам. Хрэсны ход прайшоў па мінімальнай дыстанцыі забегу працягласцю 3 кіламетры. У хрэсным ходзе прынялі ўдзел святары Слонімскага благачыння Навагрудскай епархіі, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, алімпійскі чэмпіён Іван Ціхан, старшы памочнік прарэктара па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай семінарыі іерэй Сергій Думянкоў і студэнты семінарыі.

У залежнасці ад абранай дыстанцыі, удзельнікі прабеглі міма купелі, лёгкаатлетычнага стадыёна, манастырскага заапарка «Эдэмскі сад», хрышчэнскай крыніцы, храма Кірыла Тураўскага і бліжэйшых вёсак.

Падводзячы вынік «Манастырскага забегу», старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан адзначыў, што падобнае мерапрыемства ў Жыровічах было арганізавана ўпершыню і выказаў надзею, што яго правядзенне стане ў будучыні добрай традыцыяй.

 bfla.eu/Навагрудская епархія/МінДС/Church.by