Вызначаны пераможцы III Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання»
06 верасня 201730 жніўня 2017 года мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, былі зацверджаны рашэнне журы і вынікі III Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання».
Конкурс праводзіцца штогод з мэтай актывізацыі асветніцкай дзейнасці бібліятэк рэспублікі, садзейнічае фарміраванню духоўна-маральных якасцей асобы, ўдасканаленню работы бібліятэк па выхаванню патрыятызму і грамадзянскасці дзяцей і моладзі на аснове праваслаўных традыцый.
Заснавальнік конкурсу — Беларуская Праваслаўная Царква (Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхату). Саарганізатары — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
У адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку правядзення рэспубліканскага конкурсу (рэд. ад 17.03.2016 г.), яго арганізацыю і правядзенне ажыццяўляў Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
У 2017 годзе актыўны ўдзел у конкурсе прынялі бібліятэкі ўстаноў адукацыі, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь, публічныя бібліятэкі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, бібліятэкі, падведамныя Беларускаму Экзархату.
Удзельнікамі было прадстаўлена 90 работ у чатырох намінацыях: «Сям'я — спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцяў», «Патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях», «Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі», «Гісторыя Праваслаўя роднага краю».
Конкурсныя працы ад устаноў адукацыі накіроўваліся ў Навукова-педагагічную бібліятэку ўстановы «Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь», ад публічных бібліятэк Міністэрства культуры — у Нацыянальную бібліятэку Беларусі, ад царкоўных бібліятэк — у Цэнтральную бібліятэку Беларускага Экзархату. Кіраўніцтвам гэтых устаноў былі арганізаваны ведамасныя конкурсы прадстаўленых рэгіёнамі работ, а лепшыя з іх — накіраваны на суд Рэспубліканскага журы.
На рэспубліканскім этапе былі вызначаны пераможцы ў кожнай намінацыі сярод гарадскіх і сельскіх бібліятэк. У ходзе пасяджэння Рэспубліканскага журы 44 бібліятэкі-ўдзельніцы атрымалі прызавыя месцы і былі адзначаны ўзнагародамі.
Глядзець пратакол пасяджэння журы >>
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання» адбудзецца падчас работы III Беларускіх Калядных чытанняў, якія пройдуць 23-24 лістапада 2017 года.
Журы конкурсу дзякуе ўсім удзельнікам, якія падалі свае працы на конкурс, адзначае іх неабыякавасць, адказнасць, актыўную грамадзянскую пазіцыю і спадзяецца, што з года ў год правядзенне конкурсу будзе спрыяць удасканаленню дзейнасці бібліятэк на карысць духоўнай асветы і духоўна-маральнага выхавання.