Адышоў да Госпада архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
22 красавіка 202322 красавіка 2023 года ў 01:30 на 71-м годзе жыцця адышоў да Госпада Праасвяшчэнны архіепіскап Арцемій (Кішчанка), які з 1996 па 2021 гады ўзначальваў Гродзенскую епархію Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Развітанне з архіепіскапам Арцеміем будзе праходзіць у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна з 13:00 23 красавіка па 12:00 24 красавіка.
У панядзелак 24 красавіка ў 08:00 у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна пачнецца Бажэственная літургія, пасля заканчэння якой будзе здзейснены чын адпявання.
А 12:00 труна з целам спачылага будзе перавезена ў горад Мінск на Чыжоўскія могілкі. У 15:00 будзе здзейснена заупакойная ліція, пасля заканчэння якой адбудзецца пахаванне архіепіскапа Арцемія. Паводле завяшчання спачылы будзе пахаваны побач з магіламі сваякоў.
Вечная памяць новаспачыламу архіепіскапу Арцемію! Душа яго няхай у дабры спачывае, і памяць яго з роду ў род!
Будучы архіепіскап, у свеце Аляксандр Анатолевіч Кішчанка, нарадзіўся 25 красавіка 1952 года ў горадзе Мінску. Па заканчэнні сярэдняй школы ў 1969 годзе паступіў у Беларускі інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Пасля службы ў радах Савецкай арміі (1975-1976) быў паслушнікам Пскова-Пячэрскага манастыра.
У 1976 годзе паступіў у Ленінградскую духоўную семінарыю.
8 кастрычніка 1978 года ў храме святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова Ленінградскай духоўнай акадэміі Высокапраасвяшчэнным Кірылам, архіепіскапам Выбаргскім, рэктарам Ленінградскіх духоўных акадэміі і семінарыі, быў пастрыжаны ў чытальніка.
У 1979 годзе паступіў у Ленінградскую духоўную акадэмію.
7 лютага 1982 года рэзалюцыяй мітрапаліта Ленінградскага і Наўгародскага Антонія (Мельнікава) прызначаны псаломшчыкам Успенскай царквы горада Аланца Карэльскай АССР.
21 лютага 1982 года мітрапалітам Ленінградскім і Наўгародскім Антоніем рукапаложаны ў дыякана ў стане цэлібата і прызначаны на служэнне ў Успенскую царкву горада Аланца Карэльскай АССР.
28 верасня 1982 года старшынёй Вучэбнага камітэта пры свяшчэнным Сінодзе мітрапалітам Талінскім і Эстонскім Аляксіем накіраваны ў распараджэнне Высокапраасвяшчэннага Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Беларускага, Патрыяршага Экзарха Заходняй Еўропы, для праходжання царкоўна-прыходскага служэння.
1 кастрычніка 1982 года ўказам Высокапраасвяшчэннага Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Беларускага, Патрыяршага Экзарха Заходняй Еўропы, быў прыняты ў клір Мінска-Беларускай епархіі і прызначаны на пасаду дыякана Свята-Аляксандра-Неўскай Царквы горада Мінска.
24 сакавіка 1984 года пасвячаны ў іерэя Высокапраасвяшчэнным мітрапалітам Мінскім і Беларускім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы, і прызначаны на пасаду свяшчэнніка Свята-Аляксандра-Неўскай Царквы горада Мінска.
18 красавіка 1993 года ўзведзены ў сан протаіерэя Высокапраасвяшчэнным мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам.
Пастырскую працу святар сумяшчаў з выкладчыцкай дзейнасцю: чытаў курс Катыхізісу на факультэце тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў горадзе Мінску, нёс послух па арганізацыі працы нядзельнай школы пры храме, апекаваўся інтэрнатам для састарэлых і інвалідаў.
3 студзеня 1996 года Высокапраасвяшчэнным мітрапалітам Філарэтам у Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры пастрыжаны ў манаства з імем у гонар Арцемія, велікамучаніка Антыяхійскага.
8 студзеня 1996 года ўзведзены ў сан архімандрыта.
4 лютага 1996 года ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам у саслужэнні членаў Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы хіратанісаны ў епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага.
9 верасня 2004 года пастановай Рады Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірыла Тураўскага епіскапу Арцемію была прысвоена вучоная ступень кандыдата багаслоўя за дысертацыю на тэму «Уводзіны ў праваслаўнае багаслоўе».
У 2006 годзе паступіў у Хрысціянскую тэалагічную акадэмію горада Варшавы (Польшча). Па заканчэнні курса ў 2007 годзе пастановай Рады акадэміі Уладыку Арцемію была прысвоена ступень магістра багаслоўя за дысертацыю на тэму: «Праблемы выкладання прадмета «Катэхізіс» у краінах былога Савецкага Саюза».
8 ліпеня 2012 года быў узведзены ў сан архіепіскапа.
21 лютага 2013 года ў Варшаўскай Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі (Польшча) абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені доктара тэалогіі на тэму «Гісторыя Гродзенскай праваслаўнай епархіі ў 1921-1939 гадах».
З 2002 па 2014 гады ўладыка займаў пасаду старшыні моладзевага руху Беларускай Праваслаўнай Царквы і курыраваў праваслаўны моладзевы рух у Беларусі.
З 2004 па 2014 год архіепіскап Арцемій быў дацэнтам Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў горадзе Мінску, дзе выкладаў на кафедры біблеістыкі і царкоўна-практычных дысцыплін.
Рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ад 9 чэрвеня 2021 года быў адпраўлены на спачын па стане здароўя.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,
сацсетках Instagram, ВКонтакте,