Адышоў да Госпада мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў)
12 студзеня 2021Адышоў да Госпада мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў)
12 студзеня 2021 года на 86-м годзе жыцця памёр Высокапраасвяшчэнны мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Заклікаем клір і паству Беларускай Праваслаўнай Царквы узнесці малітвы аб упакаенні новаспачылага мітрапаліта Філарэта.
Інфармацыя пра час і месца развітання з спачылым будзе размешчана дадаткова.
* * *
Мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Мітрапаліт Філарэт (свецкае імя Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў), Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў г. Маскве.
Пасля заканчэння школы паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю, а пасля яе заканчэння ў 1957 годзе – у Маскоўскую духоўную акадэмію. 3 красавіка 1959 года па благаславенню Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія I (Сіманскага) у Троіца-Сергіевай Лаўры прыняў манаскі пострыг з нарачэннем імя ў гонар святога праведнага Філарэта Міласцівага.
Увесну 1961 года іерадыякан Філарэт скончыў поўны курс Маскоўскай духоўнай акадэміі са ступенню кандыдата багаслоўя. Рашэннем Вучонага савета МДА быў пакінуты пры Акадэміі ў якасці прафесарскага стыпендыята.
14 снежня 1961 года за Бажэственнай літургіяй у Крыжовай царкве Патрыяршых пакояў Троіца-Сергіевай Лаўры Свяцейшы Патрыярх Аляксій I рукапалажыў іерадыякана Філарэта ў іераманаха. У верасні 1962 года прызначаны старэйшым памочнікам інспектара, а ў чэрвені 1963 года - інспектарам Маскоўскіх духоўных акадэміі і семінарыі. 8 кастрычніка 1963 года ўзведзены ў сан архімандрыта.
8 кастрычніка 1965 года Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы пастанавіў: архімандрыту Філарэту (Вахрамееву) быць епіскапам Ціхвінскім, вікарыем Ленінградскай епархіі.
14 мая 1966 года прызначаны епіскапам Дзмітраўскім, вікарыем Маскоўскай епархіі, рэктарам Маскоўскай духоўнай акадэміі. Адначасова з 28 лістапада 1968 года з'яўляўся другім намеснікам старшыні аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхату.
18 красавіка 1973 года прызначаны на кафедру архіепіскапа Берлінскага і Сярэднееўрапейскага, Патрыяршага Экзарха Сярэдняй Еўропы.
Зважаючы на старанную архіпастырскую працу і міратворчую дзейнасць у якасці Экзарха 15 красавіка 1975 года Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Пімен (Ізвекаў) узвёў Праасвяшчэннага Філарэта ў сан мітрапаліта.
10 кастрычніка 1978 года Свяцейшы Патрыярх Пімен і Свяшчэнны Сінод прызначылі Праасвяшчэннага Філарэта мітрапалітам Мінскім і Беларускім, а 12 кастрычніка вызначылі яму быць Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы.
З 14 красавіка 1981 года мітрапаліт Мінскі і Беларускі Філарэт, Патрыяршы Экзарх Заходняй Еўропы, быў прызначаны старшынёй Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхату, пастаянным членам Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.
16 кастрычніка 1989 года ў сувязі з утварэннем Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Мінскі і Гродзенскі Філарэт быў прызначаны Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.
У 1990 годзе абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (затым - Рэспублікі Беларусь), старшынёй Камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях дэпутацкай этыкі. Са студзеня па снежань 1991 года мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў) – народны дэпутат СССР.
З 18 лютага 1992 года насіў тытул: «Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі свяшчэннаархімандрыт».
Дзякуючы працы мітрапаліта Філарэта адбылося адраджэнне і ўмацаванне Беларускай Праваслаўнай Царквы. Гэтыя заслугі па вартасці ацэненыя і ўсёй паўнатой Царквы, і беларускай дзяржавай. 1 сакавіка 2006 года мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў) удастоены звання Герой Беларусі за шматгадовы асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа, умацаванне дружбы і брацкіх сувязяў паміж народамі, развіццё міжканфесійнага дыялогу.
25 студзеня 2009 года Архіерэйскім Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы абраны адным з трох кандыдатаў на Маскоўскі Патрыяршы прастол. 27 студзеня 2009 года ў ходзе пасяджэння Памеснага Сабора Высокапраасвяшчэннейшы Філарэт зняў сваю кандыдатуру, заклікаўшы удзельнікаў Сабора аддаць галасы Месцазахавальніку Патрыяршага прастола, мітрапаліту Смаленскаму і Калінінградскаму Кірылу.
З 27 ліпеня 2009 года мітрапаліт Філарэт - член Міжсаборнай прысутнасці Рускай Праваслаўнай Царквы.
31 мая 2010 года Свяшчэнны Сінод, заслухаўшы прашэнне Праасвяшчэннага Філарэта аб залічэнні на спачын па дасягненні 75-гадовага ўзросту, пастанавіў прасіць уладыку працягнуць кіраванне Мінскай епархіяй і Беларускім Экзархатам з выражэннем падзякі за шматгадовую працу па акармленню праваслаўнай паствы Беларусі.
25 снежня 2013 года Свяшчэнны Сінод меў паўторнае меркаванне аб прашэнні Яго Высокапраасвяшчэнства аб сыходзе на спачын і пастанавіў задаволіць прашэнне. Сінод прызначыў Праасвяшчэннага мітрапаліта Філарэта Ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, захаваўшы за ім права ўдзелу ў працы Свяшчэннача Сінода і ганаровае пратакольнае месца за богаслужэннямі і ў афіцыйных цырымоніях.
16 снежня 2020 года мітрапаліт Філарэт быў шпіталізаваны з прыкметамі захворвання, выкліканага каранавіруснай інфекцыяй.
Памёр у бальніцы 12 студзеня 2021 года.