Адышоў да Госпада адзін з найстарэйшых свяшчэннаслужыцеляў Магілёўскай епархіі мітрафорны протаіерэй Мікалай Кавалёў
13 ліпеня 202112 ліпеня 2021 года, на 91 годзе жыцця адышоў да Госпада настаяцель Свята-Успенскага храма аграгарадка Сухары, клірык Трохсвяціцельскага сабора горада Магілёва, духаўнік Магілёўскай епархіі мітрафорны протаіерэй Мікалай Кавалёў.
Рукапалажэнне ў свяшчэннтцкі сан Мікалая Мяфодзьевіча Кавалёва адбылося ў снежні 1980 года ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска. Рукапалагаў будучага бацюшку епіскап Пінскі Афанасій (Кудзюк). Айцу Мікалаю давялося служыць у Чавусах, Вялікіх Лазіцах, Чачавічах. Храмы яму даставаліся ў паўразбураным стане, іх даводзілася аднаўляць і рамантаваць. У канцы 1990- х быў настаяцелем Барыса-Глебскай царквы, служыў у Палыкавічах. З 2000 года айцец Мікалай стаў настаяцелем прыхода Свята-Успенскага храма аграгарадка Сухары. Пры храме пад кіраўніцтвам святара была пабудавана званіца, узведзены дом паломніка, у вёсцы добраўпарадкавана купель на крыніцы.
Духоўныя дзеці святара пражываюць у розных кутках Беларусі. Веруючыя людзі з любоўю называлі протаіерэя «народным бацюшкам».
12 лютага 2021 года айцец Мікалай прымаў віншаванні з 90-годдзем пасля заканчэння прастольнага свята ў Трохсвяціцельскім саборы горада Магілёва. У гэты дзень на Бажэственнай літургіі архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній рукапалажыў у свяшчэнніка сына айца Мікалая — дыякана Ігара Кавалёва.
Развітацца са спачылым протаіерэем Мікалаем можна будзе ў Свята-Успенскім храме аграгарадка Сухары пасля 15.00 13 ліпеня. Адпяванне адбудзецца там жа 14 ліпеня пасля Бажэственнай літургіі (каля 11.00).
Міласэрны Гасподзь няхай упакоіць Свайго вернага служыцеля, новаспачылага протаіерэя Мікалая. Царства Нябеснае, вечны спакой!