Пасхальная Літургія была здзейснена ў гродзенскім хоспісе

13 красавіка 2018

top.jpg

Ніводны чалавек, які называе сябе хрысціянінам, не можа не радавацца вестцы аб Уваскрэслым Хрысце і тым больш не можа трымаць гэтую радасць у сабе. Таму, вітаючы адзін аднаго ў велікодныя дні, мы гаворым: «Хрыстос уваскрэс!», а ў адказ гучыць не менш радаснае: «Сапраўды ўваскрэс!» На жаль, не кожны хрысціянін у сілу розных жыццёвых абставін можа на свята наведаць храм Божы.

10 красавіка 2018 года, у аўторак Светлай сядміцы, у малельным пакоі хоспіса, які функцыянуе на базе гарадской клінічнай бальніцы № 3, адбылася літургія, якую здзейснілі клірыкі двух гродзенскіх парафій — Усекнавення галавы Іаана Прадцечы (протаіерэй Аляксандр Жалезны, іерэй Антоній Федасееў) і прыхода Ражджаства Хрыстовага (протаіерэй Аляксандр Казакевіч, іерэй Уладзімір Асадчый).

Да Чашы Хрыстовай прыступілі людзі, якія з-за хваробы не мелі магчымасці наведаць Велікоднае богаслужэнне, а цяжка хворых пацыентаў святары прычасцілі Святых Хрыстовых Тайн і павіншавалі з Пасхай Гасподняй прама ў палатах.

Гродзенская епархія / Church.by