Патрыяршы Экзарх прыняў удзел у цырымоніі ўручэння прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне»
10 студзеня 201710 студзеня 2017 года ў Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльных прэмій «Беларускі спартыўны Алімп».
Удзел у цырымоніі прыняў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
У зале прысутнічалі: архіерэі і духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўнікі і супрацоўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі, мінчане і госці сталіцы.
Урачыстае мерапрыемства адкрылася прамовай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
«Кожны год у гэтыя студзеньскія дні мы сустракаемся з асаблівымі людзьмі — тымі, хто лечыць нашы душы, хто захоўвае нашу памяць, хто служыць міласэрнасці, дабру і прыгажосці», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы. «Гісторыя дала нашым творчым людзям унікальны шанец — унесці свой уклад у станаўленне беларускай нацыі. Бо менавіта мы з вамі, цяперашнія пакаленні, ажыццявілі шматвекавую мару нашых продкаў — стварылі першую ў гісторыі незалежную беларускую дзяржаву. І сёння наша агульная задача — зберагчы краіну і перадаць яе свабоднай і незалежнай тым, хто прыйдзе пасля нас», — заявіў беларускі лідар.
Далей Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды лаўрэатам.
Ад Беларускага Экзархату ў гэтым годзе прэміі «За духоўнае адраджэнне» быў удастоены намеснік Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра Навагрудскай епархіі ігумен Яўсевій (Цюхлоў) — за важкі ўклад у духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне моладзі, арганізацыю дзейнасці мужчынскага манастыра і аказанне дапамогі людзям у цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама асобам, якія пакутуюць на наркаманію і алкагалізм.
Ад імя ўсіх узнагароджаных са словамі падзякі да Кіраўніка дзяржавы звярнулася дырэктар дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў» Людміла Мікалаеўна Кандрашова.
З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Архіпастыр, у прыватнасці, адзначыў, што цырымонія ўручэння прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» выходзіць за рамкі мерапрыемства і з'яўляецца сапраўднай падзеяй гісторыі сучаснай Беларусі. На думку Патрыяршага Экзарха, сёлетняе свята сведчыць свету пра тое, што згода і дабрабыт у грамадстве ствараюцца толькі на аснове высокіх духоўна-маральных каштоўнасцяў — Богам адкрытых ісцін. Мітрапаліт Павел пажадаў, каб гэты 2017 год быў для Беларусі мірным і шчасным, і заклікаў на ўсіх тых, хто сабраўся, Божае благаславенне.
Затым адбыўся святочны канцэрт з удзелам дзеячаў мастацтваў з Беларусі і Расіі
.