Патрыяршы Экзарх прыняў удзел у прэзентацыі факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны»

01 верасня 2017

top.jpg

1 верасня 2017 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, прыняў удзел у прэзентацыі факсімільнага дваццацітомнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны».

Прэзентацыя адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. На мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнікі і прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі і супрацоўнікі дыпламатычных місій, выкладчыкі і студэнты вядучых ВНУ Беларусі, а таксама мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (Рыма-Каталіцкая Царква).

Шматтомнае факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» ўяўляе сабой поўны збор кніг, якія былі надрукаваныя Скарынам у Празе (1517-1519) і Вільні (1522-1525). У яго аснове — электронныя копіі найбольш захаваных выданняў першадрукара, якія захоўваюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Германіі, Расіі, Украіны і іншых краін. Навуковы выдавецкі праект быў рэалізаваны да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Ініцыятарамі і асноўнымі выканаўцамі праекта выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Банк БелВЭБ.

У пачатку прэзентацыі прагучаў студэнцкі гімн «Gaudeamus» у выкананні харавой капэлы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Тых, хто сабраўся віталі: Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Уладзіміравіч Святлоў, Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Станіславаўна Ананіч, Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка, намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Валянцін Барысавіч Рыбакоў, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі, старшыня праўлення ААТ «Банк БелВЭБ» у 2010-2014 гадах Павел Уладзіміравіч Калаур, намеснік старшыні праўлення ААТ «Банк БелВЭБ» Сяргей Пятровіч Зелянко, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец.

Мітрапаліт Павел у сваім прывітальным слове сардэчна павіншаваў усіх з Днём ведаў, адзначыў, што асветніцкая дзейнасць Францыска (у Святым Хрышчэнні Георгія) Скарыны стала сапраўдным прарывам у развіцці славянскай культуры, і заклікаў маладое пакаленне беражліва захоўваць вялікую духоўную спадчыну продкаў. Архіпастыр падкрэсліў, што традыцыі, закладзеныя Скарынам, прыносяць добрыя плады і ў наш час. Яркі таму прыклад — Беларуская Праваслаўная Царква ажыццявіла пераклад і ў жніўні 2017 года выдала Новы Запавет на беларускай мове. Прэзентацыя Новага Запавету на беларускай мове адбудзецца 2 верасня, у Дзень беларускага пісьменства, у старажытным Полацку — родным горадзе Скарыны.

Факсімільныя копіі кніжнай спадчыны беларускага першадрукара былі ўрачыста перададзены ў дар прадстаўнікам амбасадаў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Польшчы, Расіі, ЗША, Украіны.

Сертыфікат на перадачу 80 камплектаў факсімільных выданняў, навуковым і адукацыйным установам Беларусі быў уручаны Міністру адукацыі Ігару Васільевічу Карпенку.

На святочнай цырымоніі адбылося гашэнне паштовага блока, прысвечанага 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Цырымонію правялі: першы намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Генадзьевіч Шадко і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі.    

Church.by

Фотарэпартаж