Патрыяршы Экзарх здзейсніў Бажэственную літургію і паніхіду па ігуменні Васілісе ў Свята-Ксеніеўскім жаночым манастыры вёскі Барань
05 студзеня 20215 студзеня 2021 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў Бажэственную літургію, а затым здзейсніў паніхіду ў жаночым манастыры ў гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай у вёсцы Барань Барысаўскага раёна.
Высокапраасвяшчэннейшаму ўладыку саслужылі: сакратар Барысаўскай епархіі, благачынны 1-й Барысаўскай царкоўнай акругі, настаяцель храма Ражджаства Хрыстова г. Барысава протаіерэй Аляксандр Вярбіла; клірыкі жаночага манастыра ў гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай в. Барань протаіерэй Дзімітрый Дарашэнка і іерэй Аляксандр Агеенка; клірык кафедральнага сабора Уваскрасення Хрыстова г. Барысава іерэй Арцемій Пракоф'еў.
Дыяканскі чын здзейсніў клірык кафедральнага сабора Уваскрасення Хрыстова г. Барысава протадыякан Георгій Раслякоў.
За Літургіяй малілася выконваючая абавязкі ігуменні жаночага манастыра ў гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай манахіня Яўпраксія (Зубава) з сёстрамі абіцелі.
Падчас богаслужэння былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і аб спыненні распаўсюджвання шкоднай пошасці.
Пасля заканчэння Літургіі была здзейснена паніхіда на магіле трагічна загінуўшай 4 гады таму ігуменні Васілісы (Мядзведзь), пасля чаго прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы звярнуўся да ўсіх прысутных са словам настаўлення. У сваім слове ўладыка адзначыў, што матушка Васіліса пры жыцці заўсёды старалася слова евангельскае ўвасобіць у жыццё дзеля славы Божай. І гэта, напэўна, самае галоўнае, на чым трэба сёння, успамінаючы яе, засяродзіць сваю ўвагу. Гэта будзе лепшай памяццю аб спачылай, нашым лепшым хадайніцтвам за яе Богу.