Патрыяршы Экзарх здзейсніў ва Усіхсвяцкім храме горада Мінска малебны спеў падчас гібельнай пошасці і ўзначаліў паветраны хрэсны ход

22 сакавіка 2020

top.jpg

22 сакавіка 2020 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў малебны спеў падчас гібельнай пошасці і здзейсніў малое асвячэнне вады ва Усіхсвяцкім храме горада Мінска.

Малебен быў здзейснены па шматлікіх просьбах веруючых жыхароў беларускай сталіцы ў сувязі з пагрозай распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі.

Патрыяршаму Экзарху саслужылі: настаяцель Усіхсвяцкага храма протаіерэй Фёдар Поўны і клірыкі прыхода.

Богаслужэбныя спевы выканаў мужчынскі хор «Усіхсвяцкі» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Такмакова.

Малебны спеў здзяйсняўся перад святынямі прыхода — крыжам-машчавіком, у які ўкладзена часціца Жыватворнага Дрэва Крыжа Гасподняга і часціцы мошчаў многіх угоднікаў Божых, і шануемай копіяй іконы Божай Маці «Дзяржаўная».

Архіпастыр звярнуўся да вернікаў са словам настаўлення, у якім асабліва нагадаў аб багаслоўскім значэнні і жыватворчай сіле шанавання Крыжа Гасподняга. Уладыка Экзарх падкрэсліў, што дзякуючы пакутам Хрыста Спасіцеля Крыж стаў сімвалам перамогі жыцця над смерцю.

«Заклікаю ўсіх паразважаць аб тым, як мы ставімся да падзей, што адбываюцца цяпер. Паніка, выкліканая распаўсюджваннем каронавіруса, прытупляе розум», — сказаў уладыка Экзарх.

Па словах мітрапаліта Паўла, пагроза распаўсюджвання інфекцыі прынесла збянтэжанасць у сэрцы многіх людзей, але шчыра веруючыя людзі закліканы не паддавацца страхам і адчаю, а ўскладаць сваё спадзяванне на Бога і адказна паводзіць сябе ў адносінах да блізкіх. Патрыяршы Экзарх пажадаў, каб Гасподзь умацаваў у нас веру і дапамог годна пераадолець выпрабаванне.

Па заканчэнні малебна ўладыка Экзарх і айцец настаяцель абляцелі са святынямі горад Мінск на верталёце, здзейсніўшы паветраны хрэсны ход. З вышыні палёту яны заклікалі Божае благаславенне на жыхароў Белай Русі і, асяняючы горад святым крыжам-машчавіком і абразом Божай Маці Дзяржаўным, акрапілі сталіцу святой вадой, каб Гасподзь ахаваў нашу зямлю і набожны народ Белай Русі ад гібельнай эпідэміі.

Church.by

Фотарэпартаж