Патрыяршы Экзарх узначаліў цырымонію адкрыцця міжнароднага Велікоднага фестывалю «Радасць»
23 сакавіка 201822 сакавіка 2018 года ў Палацы мастацтва горада Мінска адбылося ўрачыстае адкрыццё міжнароднага Велікоднага фестывалю «Радасць», арганізаванага Лізавецінскім жаночым манастыром горада Мінска.
Узначаліў цырымонію адкрыцця фестывалю мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Уладыка Экзарх здзейсніў малебен на пачатак добрай справы і звярнуўся да арганізатараў, удзельнікаў і гасцей фестывалю з прывітальным словам. Мітрапаліт Павел выказаў сардэчную падзяку Лізавецінскай абіцелі за актыўную і плённую працу ў справе сацыяльнага служэння, дабрачыннасці, рэабілітацыі былых зняволеных, алкаголікаў, наркаманаў, дапамогі людзям, што жывуць у нястачы. Архіпастыр падкрэсліў, што сапраўднай крыніцай радасці з'яўляюцца добрыя справы, і заклікаў усіх жыццё сваё праводзіць так, каб ніводны дзень не праходзіў без здзяйснення добрых спраў.
Адбыліся канцэрт і тэатралізаваная прэзентацыя фестывалю «Радасць» з удзелам дзіцячых калектываў нядзельнай школы Лізавецінскага манастыра, а таксама народнай харавой капэлы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Былі ўручаны дыпломы і памятныя падарункі пераможцам фотаконкурсу «Імгненні радасці», які праходзіў з 7 па 18 сакавіка. Конкурс праходзіў у двух намінацыях: «Прырода» і «Чалавек». Усяго на яго паступіла больш за 1000 работ. Сярод пераможцаў конкурсу — прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Германіі.
***
Міжнародны Велікодны фестываль «Радасць» праходзіць з 22 сакавіка па 1 красавіка ў сталічным Палацы мастацтваў (вул. Казлова 3) па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Фестываль аб'ядноўвае духоўную, культурную, дзіцячую і дабрачынную праграмы, а таксама велікодную выставу-кірмаш падарункаў, на якой будуць прадстаўлены вырабы манастыроў і храмаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Сербіі, Чарнагорыі.
Назву мерапрыемства адлюстроўвае яго мэта — падзяліцца з гасцямі радасцю, якая мае мноства граняў. Гэта радасць стасункаў, душэўнага адпачынку, гармоніі, дзіцячая радасць. Але самае важнае — гэта ціхая радасць падрыхтоўкі да галоўнага свята для праваслаўнага чалавека, да Пасхі Хрыстовай.
Гасцей фестывалю чакаюць займальная праграма для дзяцей, творчыя пляцоўкі майстар-класаў, вячэрнія канцэрты і сустрэчы з цікавымі людзьмі. Будзе арганізавана фотагалерэя, пройдзе акцыя «Расфарбуем велікоднае яйка» і традыцыйная дабрачынная акцыя. Атмасферу свята дапамогуць стварыць сустрэчы з творчымі людзьмі, выступленні музыкаў і спектаклі.
Фестываль напоўніць радасцю і самыя юныя сэрцы. У дзіцячай гасцёўні маленькія наведвальнікі мерапрыемства змогуць паслухаць казкі, паглядзець займальныя спектаклі і зрабіць падарункі для блізкіх сваімі рукамі.
Міжнародны велікодны фестываль — гэта магчымасць пакінуць у баку паўсядзённую мітусню і клопаты, здабыць душэўны спакой і з любоўю ўпусціць у сваё сэрца вясну. З дапамогай творчасці фестываль раскрые сэнс пасхальнай радасці і дапаможа падрыхтавацца да святкавання Светлага Хрыстовага Уваскрасення.
Падрабязная праграма фестывалю «Радасць» даступная на сайце obitel-minsk.by.