Патрыяршы Экзарх узначаліў прастольнае свята Аляксандра-Неўскага храма горада Мінска

12 верасня 2020

top.jpg

12 верасня 2020 года, у дзень памяці перанясення мошчаў дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў Бажэственную літургію ў Аляксандра-Неўскім храме горада Мінска.

Перад пачаткам богаслужэння ў храм была прынесена ікона блажэннай Матроны Маскоўскай з часцінкай мошчаў.

Абраз з'яўляецца дарам дабрачыннага фонду святых роўнаапостальных Канстанціна і Алены (Масква). З гэтага дня ён знаходзіцца ў Аляксандра-Неўскім храме пастаянна. Храм адкрыты штодня з 8:00 да 19:00, і ўвесь гэты час абраз будзе даступным для пакланення вернікаў.

За Літургіяй уладыку Веніяміну саслужылі: настаяцель храма, благачынны 3-й Мінскай гарадской акругі, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства протаіерэй Мікалай Коржыч; сакратар Мінскай епархіі протаіерэй Андрэй Волкаў; духавенства прыхода.

Богаслужэбныя спевы выканаў парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Сяргея Смольскага.

Падчас Бажэственнай літургіі былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і спыненні распаўсюджвання шкоднаснай пошасці.

Патрыяршы Экзарх звярнуўся з цвінтара храма да духавенства і хрысталюбівых парафіянаў з архіпастырскім словам, у якім павіншаваў з прастольным святам і папрасіў малітоўнай падтрымкі на шляху свайго служэння Госпаду Богу, Святой Царкве і народу Божаму.

Протаіерэй Мікалай Коржыч павітаў мітрапаліта Веніяміна ад імя парафіяльнай абшчыны і паднёс у дар уладыку пісаную ікону дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы здзейсніў памінальную ліцію аб незабыўных протаіерэі Сергіі Куракевічы (1960 — 2014; настаяцелі Аляксандра-Неўскага храма ў 2003-2014 гадах) і протадыякане Леанідзе Бажко (1930-2004), пахаваных ля сцен храма, а таксама ўзначаліў хрэсны ход.

Church.by

Фотарэпартаж