Патрыяршы Экзарх узначаліў урачыстасці з нагоды 25-годдзя адраджэння Гродзенскага жаночага манастыра Нараджэння Багародзіцы
21 верасня 201721 верасня 2017 года, у свята Нараджэння Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій; архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый і епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый здзейснілі Бажэственную літургію ў саборы Нараджэння Багародзіцы аднайменнага Гродзенскага жаночага манастыра.
Богаслужэнне было прымеркавана да дня 25-годдзя з дня адраджэння Гродзенскага жаночага манастыра Наражэння Багародзіцы.
Архіпастырам саслужылі: прадстаўнік Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Беларускім Экзархаце архімандрыт Васіян (Змееў); сакратар Мінскай епархіі протаіерэй Андрэй Волкаў; клірыкі манастыра і запрошаныя госці ў свяшчэнным сане.
На богаслужэнні прысутнічалі: Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Паўлавіч Гуляка; памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Васільевіч Раўнейка; кіраўнік спраў Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Ігар Андрэевіч Папоў; прадстаўнікі адміністрацыі горада і свецкай улады.
Богаслужэбныя спевы выканалі: святочны хор абіцелі Нараджэння Прасвятой Багародзіцы пад кіраўніцтвам Наталлі Андрушэвіч і хор вучняў нядзельнай школы абіцелі пад кіраваннем Юліі Касак.
Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў іерэй Вячаслаў Шасцітка.
Па заканчэнні богаслужэння са словамі прывітання звярнулася да мітрапаліта Паўла ігумення манастыра Гаўрыіла (Глухава).
Уладыка Павел падзякаваў матухне Гаўрыле за цёплыя словы і пажаданні, архіпастырам — за супольную малітву; павіншаваў духавенства і прыхаджан манастыра з прастольным святам і звярнуўся да ўсіх са словам павучання.
Далей са словамі прывітання да ігуменні Гаврыілы звярнуліся: Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Паўлавіч Гуляка і кіраўнік спраў Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Ігар Андрэевіч Папоў.
Уладыка Павел павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і даў усім архіпастырскае благаславенне. Усім багамольцам Уладыка Экзарх уручыў кветкі.
Па завяршэнні святочнага богаслужэння мітрапаліт Павел і архіепіскап Гурый наведалі санаторый «Азёрны», размешчаны ў Гродзенскім раёне на беразе возера Белае. Тут Патрыяршы Экзарх здзейсніў чын асвячэння капліцы ў гонар святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, пагутарыў з адміністрацыяй санаторыя, персаналам і пацыентамі.